Жудасны выпадак на Валожыншчыне: паляўнічы застрэліў жонку і застрэліўся сам

Трагедыя адбылася ў суботу, 19 кастрычніка, у вёсцы Вайганы каля 17.30.
У той дзень нічога не прадракала бяды. Жанчына, як звычайна, займалася дамашнімі справамі. Убачыўшы побач з домам суседзяў, па-прыяцельску пагутарыла пра тое ды пра сёе.
Аб тым, што штосьці не ў парадку, ні слова не сказала. Ды і выгляд у яе быў звычайны, не была яна чымсьці ўзрушаная ці кімсьці пакрыўджаная. І пра мужа свайго не гаварыла...
Яго ў той дзень ніхто з суседзяў не бачыў. Ён быў паляўнічы. Таму і стрэльба дома ляжала.
Суседзям загінулых мужа і жонкі на свае вочы давялося пабачыць жудасны выпадак, які адбыўся літаральна праз гадзіну пасля таго, як гаспадыня дома насупраць з імі размаўляла.
У той час суседзі якраз былі ў двары: 14-гадовая дзяўчынка, яе бацькі, бабуля. Маці фарбавала плот, бацька працаваў на ўчастку.
Раптам яны пачулі стрэлы. Спачатку адзін, а потым другі.
У гэты час дзяўчынка з бабуляй зайшлі за адну з пабудоў на ўчастку і не бачылі таго, што адбылося.
Жанчына з мужчынам павярнуліся ў бок, адкуль чуліся стрэлы, і ўбачылі сваю суседку. Яна пераходзіла праз дарогу, кульгала, але ішла якраз да іх. Ззаду на ўчастку стаяў яе муж і трымаў у руках стрэльбу. Пастаяўшы крыху, ён знік у доме.
Тым часам яго жонка дайшла да машыны, што стаяла побач з домам. Але дайшоўшы, звалілася.
Яе сусед нават падумаў, што, можа, яна ад іх чагосьці хаваецца. Аднак калі падышоў, то ўбачыў, што яна ў крыві, а з рота ідзе пена. Зразумеўшы, што жанчына памірае, суседзі пачалі клікаць на дапамогу. Выклікалі “хуткую”, міліцыю. Аднак выратаваць яе ўжо было немагчыма.
Забіўшы жонку, мужчына застрэліўся сам. Яго цела знайшлі ў доме.
Трагічна загінулая сям’я працавала ў цэнтры сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва. У вольны ад працы час яны вялі гаспадарку. Жанчына была вельмі працавітая. Суседзі адзначаюць, што рэдка бачылі, каб яна не была занятая якой-небудзь работай. Раз-пораз перакінецца двума словамі − і зноў працаваць.
Муж часам хадзіў на паляванне. Разам яны пражылі амаль 30 гадоў.
Іх 28-гадовая дачка жыве ў Мінску. Там у яе свая сям’я.
Быў і сын. Аднак яшчэ ў падлеткавым узросце ён скончыў жыццё самагубствам – павесіўся.
Пра выпадак распавяла “РГ” старшы следчы Валожынскага раённага аддзела Следчага камітэта Юлія Селятыцкая.
Настасся РОЎДА.
Фота onkam.ru