На Астравеччыне мужчына разлічыўся чужой пластыкавай карткай на тры мільёны
Жыхар Астравецкага раёна А. разлічваўся ў некалькіх крамах па чужой банкаўскай картцы, а гаспадар думаў, што згубіў яе.
17 ці 18 красавіка ў доме-інтэрнаце ў вёсцы Альхоўка А. сцягнуў картку з кішэні курткі, якая была на вешалцы.
Больш за месяц А. разлічваўся чужой карткай праз тэрміналы, у якіх не трэба ўводзіць пін-код. Ён набываў тавары ў краме ў Міхалішках, аплаціў паслугі “Белпошты” − усяго патраціў больш чым тры мільёны рублёў.
Пацярпелы не адразу даведаўся, што хтосьці карыстаецца яго грашыма. Напярэдадні кражы ён зняў 400 тысяч рублёў і паклаў картку ў кішэню. Дома павесіў куртку. Калі заўважыў, што картка знікла, у міліцыю спачатку не звяртаўся. Вырашыў, што картку згубіў.
У маі, калі прыехаў у банк па новую картку, зразумеў, што частка грошай знікла.
А. прызнаў віну. Суд прызначыў яму пакаранне − пазбаўленне свабоды на адзін год, але з адтэрміноўкай на год. Ён павінен выплаціць пацярпеламу ўкрадзеныя грошы. Суд прымусіў яго лячыцца ад хранічнага алкагалізму.
А. 42 гады. Ён жыве ў вёсцы Альхоўка Астравецкага раёна. Мае сярэднюю адукацыю. Халасты. Раней судзімасцяў не меў.
Анастасія ЮРКОЙЦЬ, памочнік пракурора Астравецкага раёна.
Фота vetka.by