Віляйчанін ударыў жонку не менш за 70 разоў рукамі, нагамі і абухом сякеры
У 2013 годзе на Вілейшчыне відавочная негатыўная тэндэнцыя забойстваў.
Самі за сябе гавораць лічбы. Год яшчэ не закончыўся, але ўжо зарэгістравана больш забойстваў, чым за апошнія гады.
Статыстыка забойстваў на Вілейшчыне
Год | Колькасць забойстваў |
2010 | 3 |
2011 | 2 |
2012 | 0 |
2013 | 4 |
Асаблівую занепакоенасць выклікае тое, што сёлета два з чатырох забойстваў здзейсненыя з асаблівай жорсткасцю.
У першым выпадку муж нанёс жонцы не менш за 70 удараў рукамі, нагамі і абухом сякеры. У другім выпадку пацярпеламу нанеслі 27 колата-рэзаных раненняў.
Усё сёлетнія забойствы на Вілейшчыне абвінавачаныя здзейснілі, калі былі п’яныя.
Калі за звычайнае забойства прадугледжаная адказнасць – пазбаўленне свабоды ад 6 да 15 год, то за забойста з асаблівай жорсткасцю пакаранне іншае – ад 8 да 25 год пазбаўлення свабоды, ці пажыццёвае зняволенне, ці смяротная кара.
Забойствы незваротныя
Менавіта таму неабходна іх папярэджваць.
Варта ставіць на адпаведны ўлік і карэктаваць паводзіны людзей, якія схільныя да супрацьпраўных паводзінаў: сямейных дэбашыраў, тых, хто схільны да боек і хуліганства, пашкоджання чужой маёмасці, злоўжывання алкаголем, стаіць на ўліку ў нарколага ці псіхіятра.
Некаторыя лічаць: паведамляючы ў міліцыю пра буйнага суседа, які б’е жонку, дзяцей ці маці, яны яго “здаюць”. Своечасовае, няхай і ананімнае, паведамленне, пасля якога чалавека чакае прафілактычная гутарка, штраф ці арышт на некалькі дзён, можа прадухіліць незваротнае.
Пачуццё беспакаранасці, пакорлівасць блізкіх – гэта дадатковы стымул працягваць гвалт, узмацняць яго, што ў рэшце-рэшт можа закончыцца забойствам.
За мяжой паведамляць аб супрацьпраўных дзеяннях знаёмых лічыцца нормай і вітаецца.
Дзяржава абараняе жыццё кожнага
Паводле артыкула 24 Канстытуцыі Беларусі, дзяржава абараняе жыццё кожнага ад любых супрацьпраўных замахаў.
Забойства – найцяжэйшая праява злачыннасці. Не толькі з прававога пункту гледжання, але і сацыяльнага.
Найчасцей забіваюць людзей працаздольнага ўзросту. Гэта стварае маральны і матэрыяльны ўрон не толькі для пэўных людзей – сваякоў і блізкіх, а наогул для грамадства. Таму што калі забіваюць аднаго чалавека, другі таксама няўпэўнены ў сваёй абароненасці і бяспецы.
Адказнасць за гэтае злачынства прадугледжаная артыкулам 139 Крымінальнага кодэкса.
Вадзім ШУКРЫНАЎ, выконваючы абавязкі пракурора Вілейскага раёна.
Фота lucina.ru.