Два мільёны 120 тысяч – за... кілаграм чарніц!

Источник материала:  
11.07.2013 — ЧП
СЯРЭДЗІНА лета. Самы разгар збору чарніц. У лес імкнуць людзі: хтосьці, каб сабраць ягад для сябе, а большасць — на продаж. Можна нядрэнна зарабіць. Некаторыя кладуць у капілку за месяц па тысячы долараў і больш. Толькі вось няўвязка: вельмі ж няпроста даецца гэта ягада. Маленькая, што гарошына. І сагніся нізка, і адшчыкні кожную паасобку з куста. Ды і камары з аваднямі даймаюць. Намучаешся так за дзень, што і тых ягад не захочаш.

Найбольш «кемлівыя» знайшлі выйсце: збіраюць чарніцы «камбайнам» — спецыяльным механічным прыстасаваннем. Толькі вось пасля гэтага «камбайна» ягад у наступныя гады ўжо не будзе. Ягаднікі такім варварскім метадам збору проста вынішчаюцца, становяцца бясплоднымі. І не дзіўна, што з азначанымі «камбайнерамі» вядзецца барацьба:

— За адзін кілаграм чарніц, сабраных «камбайнам», можна атрымаць штраф 2 мільёны 120 тысяч рублёў, — дае інфармацыю начальнік Глыбоцкай міжраённай інспекцыі аховы жывёльнага і расліннага свету Аляксей Протас. — Летась пратаколы былі складзены на 100 чалавек. Але мы падыходзім да кожнага выпадку індывідуальна. Вось папаліся сёлета з «камбайнамі» дзве школьніцы. Канечне, трэба было б толькі вітаць, што дзеці вырашылі зарабіць капейку, дапамагчы бацькам. Але ж навошта такім чынам? Мы правялі з імі гутарку. Растлумачылі што да чаго. Дзяўчаты пагадзіліся і паабяцалі больш  так не рабіць. З многімі пенсіянерамі абыходзіліся таксама адной гутаркай.

Але ж ёсць злосныя парушальнікі, якіх ніякае слова не праймае. Адзін грамадзянін М. нават кінуўся на мяне з нажом. Штраф ён потым заплаціў, 4 мільёны рублёў, а вось пра нож у судзе даказаць мне не ўдалося. Не было сведкаў, а грамадзянін заявіў, што ён не пагражаў нажом, а сук абразаў. Не заўсёды можна даказаць і прымяненне «камбайна». Яго пры набліжэнні інспектара затоптваюць у мох і заяўляюць: «Гэта не мой». Даводзіцца прымяняць відэаздымку. І яшчэ вось на што хацелася б звярнуць увагу. Проста ў лесе ў ягаднікаў скупляюць прадукцыю прыватнікі, якія прадаюць яе потым у Літву за валюту. Дзяржаўныя стацыянарныя пункты прыёму, па-першае, плацяць менш, а па-другое, паспрабуй яшчэ данесці да іх? А так — грошы на месцы. І як тут устрымацца ад «камбайна»?!.

Уладзімір САУЛІЧ, «БН»

←Пан, оставь покурить

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика