Тры факты парушэння забароны на продаж алкаголю ў дзень “Апошняга званка” выяўлены ў Мядзеле
30 мая ў райцэнтры выяўлены тры факты парушэння распараджэння райвыканкама “Аб арганізацыі гандлю ў дні правядзення ўрачыстых мерапрыемстваў “Апошні званок” і “Выпускны вечар”.
Паводле яго ў дні правядзення гэтых святаў забараняецца рэалізацыя алкагольных, слабаалкагольных напояў і піва.
У 13 гадзін у краме агракамбіната “Дзяржынскі” па вуліцы Юбілейнай супрацоўнікі аддзялення аховы правапарадку і прафілактыкі РАУС выявілі факт рэалізацыі паўлітра піва “Балтыка”. Астатняя алкагольная прадукцыя (200 літраў спіртных напояў) знята з рэалізацыі на час дзейнічання забароны.
Пазней паўлітра піва “Балтыка” прадалі і ў гандлёвым павільёне “Смак” па вуліцы Камуністычнай. Тут знялі з рэалізацыі амаль 380 літраў спіртных напояў.
Пасля сямі гадзін вечара у краме “Прадукты” ў вёсцы Нарач (Кабыльнік) выяўлены факт продажу бутэлькі віна. Тут знята з рэалізацыі на час дзейнічання забароны больш за 150 літраў спіртных напояў, паведаміў начальнік аддзялення аховы правапарадку і прафілактыкі Дзмітры Ярашэвіч.
У адносінах да прадаўцоў названых крам складзены адміністрацыйныя пратаколы.
Аддзел інфармацыі.
Фота saint-petersburg.ru