Трое мужчын кралі і рабавалі ў Маладзечне
Ва ўсіх іх ужо ёсць па чатыры-пяць судзімасцей. На гэты раз двое з іх апынуліся за кратамі на 8 гадоў.
Справа №1
Двое маладзечанцаў Леанід і Віталь 4 снежня 2011 года хацелі выпіць і вырашылі абрабаваць дом па завулку Асіпенкі ў Маладзечне. Каля 23.00 яны разбілі шкло ва ўваходных дзвярах і накралі розных будаўнічых інструментаў больш чым на 2,5 мільёна рублёў.
Справа №2
Потым Леанід, ужо з іншым напарнікам, Аляксандрам, летась 10 жніўня каля 12.30 вырашылі зноў абрабаваць дом. Нецвярозыя, яны зайшлі ў адчынены дом па вуліцы Велікасельскай у Маладзечне. Аляксандр ударыў у грудзі гаспадару. Той не разгубіўся, схапіў драўляную палку і ўдарыў ёй крыўдзіцелю па плячах і па галаве.
Леанід жа так і застаўся стаяць ля ўвахода. А потым ён увайшоў у дом і пачаў душыць гаспадара ззаду. У гэты час Аляксандр прыйшоў у сябе і ўдарыў гаспадара па галаве. Той зваліўся на падлогу.
Леанід жа наступіў на грудзі пацярпеламу, а калі ў таго атрымалася падняцца, Аляксандр ударыў яго патэльняй. Леанід далучыўся і пачаў збіваць мужчыну ручкай нажа. Потым Аляксандр схапіў драўляную палку, пачаў ёй біць гаспадара і патрабаваць аддаць грошы.
Мужчына прапанаваў сваім крыўдзіцелям выйсці ў двор у павець. Тыя пагадзіліся і павялі туды гаспадара, але трымаючы каля яго нож. Там яны забралі ў пацярпелага 700 тысяч рублёў. Калі яны вярталіся ў дом, гаспадар паспрабаваў абараніцца сякерай. Але нарваўся яшчэ на некалькі ўдараў па галаве абухом сякеры і ручкай нажа.
Справа №3
Праз чатыры дні Леанід з Аляксандрам вырашылі ў чарговы раз накрасці грошай, каб набыць алкаголь. Каля 22.00 яны ўвайшлі ў дом па завулку Асіпенкі. Дзверы былі адчыненыя. Гаспадар дома быў нецвярозы, і таму Леанід з Аляксандрам засталіся незаўважанымі.
Адчуўшы, што ім нічога не пагражае, яны пачалі забіраць сабе ўсё, што трапляла пад руку: сланцы, смятану, грыбы, курыцу, рыбу, тлушч, слоік маліны, тварог, сала і яшчэ шмат чаго, што можна знайсці ў халадзільніку.
Потым мужчыны накіраваліся ў іншы пакой у гэтым доме. Адтуль яны кралі ўсё без разбору: байку, джэмпер, шторы, фіранкі, кепку, падкоўдранік, шкарпэткі, манікюрны набор, упакоўку, накрыўкі, бутэлечку “Карвалола” і яшчэ шмат розных рэчаў, якія можна знайсці ў любым доме.
Дапытаны на судзе абвінавачаны Віталь прызнаў сваю віну цалкам. Шкоду пацярпеламу кампенсаваў часткова, у суме 500 тысяч рублёў.
Абвінавачаныя прыкінуліся пацярпелымі
Леанід і Аляксандр прызналі сваю віну толькі па справе крадзяжу. А ад віны ў разбоі адмаўляліся і расказвалі зусім іншую гісторыю, у якой быццам бы яны яшчэ і пацярпелі.
Аднак сведкі паўтаралі ўжо расказаную вышэй гісторыю. Кандуктарка маладзечанскага парка №4 у гэты час разам з кіроўцам былі на прыпынку на вуліцы Велікасельскай. І яны бачылі, як двое мужчын вялі пад рукі трэцяга, пажылога, з галавы якога сачылася кроў. У аднаго з мужчын у руках была сякера. Пажылога мужчыну зацягнулі ў павець. Адтуль стаў даносіцца нейкі шум. Потым яго выпхнулі адтуль і ўдарылі абухом сякеры па спіне.
Пацвердзілі гэта і іншыя сведкі.
Прыгавор
Леаніду і Аляксандру суд прызначыў па 8 гадоў пазбаўлення волі з канфіскацыяй усёй маёмасці і з адбываннем пакарання ва ўмовах строгага рэжыму кожнаму. Іх таксама будуць прымусова лячыць ад алкагалізму.
Віталю суд прызначыў сем месяцаў пазбаўлення волі з адбываннем пакарання ў выпраўленчай калоніі ва ўмовах строгага рэжыму.
Леанід і Віталь павінны выплаціць 1 мільён 790 тысяч рублёў пацярпеламу ад крадзяжу. Яшчэ адзін мільён – за маральную шкоду.
Пацярпеламу ад разбою яны выплацяць 700 тысяч рублёў і 1,5 мільёна рублёў – за маральную шкоду.
Партрэты зладзеяў
Леанід: 36 гадоў, маладзечанец, сярэдняя спецыяльная адукацыя, беспрацоўны, разведзены, мае 5 судзімасцей (агулам яго ўжо прыгаворвалі больш чым да 17 гадоў пазбаўлення волі).
Аляксандр: 30 гадоў, без вызначанага месца жыхарства, няпоўная сярэдняя адукацыя, халасты, мае 4 судзімасці (агулам яго ўжо прагаворвалі амаль да 10 гадоў пазбаўлення волі).
Віталь: 31 год, маладзечанец, сярэдняя адукацыя, халасты, мае 5 судзімасцей (агулам яго ўжо прагаворвалі амаль да 8 гадоў пазбаўлення волі).
Іван НЕЎМЯРЖЫЦКІ, старшы памочнік пракурора Маладзечанскага раёна.