Раўнаваў сваю жонку так, што пачаў душыць на вачах у дзіцяці
На судзе яна прасіла строга мужа не караць.
Здарэнне адбылося 19 сакавіка каля 16.30 у вёсцы Баруны на Ашмяншчыне.
Мужчына за паўгадзіны да гэтага вярнуўся з працы дамоў, адкаркаваў бутэльку гарэлкі ды сам яе і выпіў. Потым вярнулася яго жонка.
Неўзабаве пачалі сварыцца з-за рэўнасці мужчыны. Ён нават ударыў жонку па твары так, што ў яе з носа пайшла кроў.
Жанчына паспрабавала выкліць міліцыю, але ён выцягнуў з тэлефона провад. Потым схапіў ззаду жонку за шыю, паваліў на ложак і пачаў душыць, выкрыкваючы: “Зараз заб’ю, задушу”.
На самой справе, забіваць яе ён не збіраўся, а толькі хацеў як мага мацней напужаць, каб яна лепш сябе з ім паводзіла і не выклікала міліцыю.
У гэты час побач знаходзіўся іх непаўналетні сын, які крычаў, каб ён адпусціў маці.
Літаральна праз паўхвіліны ў доме з’явіўся ўчастковы інспектар, які адпіхнуў яго ад жонкі і адвёў у іншы пакой.
Абвінавачаны запэўнівае, што не збіраўся забіваць жонку, проста хацеў яе як след напужаць. Бо калі б сапраўды жадаў ёй смерці, то даўно забіў бы, і сын яму не быў бы перашкодай.
Віну сваю абвінавачаны прызнаў цалкам. Ён закадзіраваўся і з таго часу не п’е і не скандаліць. Абяцае, што і надалей піць не будзе.
Па словах яго жонкі, усе сямейныя канфлікты ўзнікалі з-за таго, што муж выпіваў. Цяпер жа ён не п’е, і абстаноўка ў сям’і добрая, ніякіх сварак і канфліктаў няма. Яна просіць строга яго не караць і даць магчымасць даказаць сваё выпраўленне.
Суд прыгаварыў мужчыну да года выпраўленчых работ з утрыманнем у даход дзяржавы 15 працэнтаў заробку, але не менш за адну базавую велічыню штомесяц.
Таксама яго будуць прымусова лячыць ад хранічнага алкагалізму па месцы жыхарства.
Аляксандр ЛЯНКЕВІЧ, старшы памочнік пракурора Ашмянскага раёна.
Фота newsline25.ru