Пайшоў на Радаўніцу на могілкі. Раніцай у міліцыі расказалі, што кідаўся на людзей з нажом
Здарэнне адбылося каля 23 гадзін вечара на Радаўніцу, 14 мая.
Тры сябры вырашылі прагуляцца па горадзе. Аднаму хлопцу – 21, другому – 22, а трэцяму – 23.
– Шпацыравалі яны каля стаматалагічнай паліклінікі. За імі ішла маладая пара з дзіцем, – кажа следчы па асабліва важных справах Маладзечанскага аддзела Следчага камітэта Марына Рагінская.
Насустрач маладзёнам ішоў п’яны мужчына. Яго кідала ў розныя бакі. Ён падышоў да аднаго з сустрэчных хлопцаў і ўдарыў нажом у шыю, той яго адштурхнуў ад сябе, але мужчына не зваліўся з ног, а, прамармытаўшы нешта сабе пад нос, пайшоў далей.
Хуліган паспрабаваў ударыць нажом і мужчыну, які ішоў са сваёй сям’ёй, але ў яго не атрымалася. Мужчына паспеў ад яго адысці.
Хлопец жа адразу не адчуў болю, а калі дакрануўся да шыі – з яе капала кроў. Яго сябры пабеглі за хуліганам, павалілі на зямлю і выклікалі міліцыю.
Калі мужчына працверазеў, то сказаў, што акрамя таго, што быў у гэты дзень на могілках, нічога не памятае.
Цяпер 49-гадовы мужчына можа быць пакараны на тэрмін ад трох да пяці гадоў умоўна ці ад трох да 10 гадоў пазбаўлення волі.
Вольга ЮРКЕВІЧ.
Фота cdn1.img22.rian.ru.