У вёсцы на Мядзельшчыне ў агні загінуў мужчына. Апазналі яго па ровары
07.05.2013
—
ЧП
Паведамленне пра пажар у вёсцы Рамашкі паступіла 6 мая ў 14.55. Жыхарка гэтай вёскі паведаміла, што гарыць хлеў.
– У выніку пажару згарэў дашчаны хлеў, у якім было старое сена. Калі пажар быў патушаны, то пад упаўшым шыферам выратавальнікі знайшлі цела мужчыны, – паведаміў інжынер Дзяржпажнагляду райадзела па надзвычайных сітуацыях Дзяніс Малько.
Верагодна, што загінуў 49-гадовы жыхар іншай вёскі – Мілты. Такую выснову зрабілі, знайшоўшы каля хлява ровар, што належаў гэтаму мужчыне. Але яшчэ будуць праводзіцца экспертызы.
Папярэдняя прычына пажару – неасцярожнасць пры курэнні. Электрычнасці ў хляве не было.
Аддзел інфармацыі.
Фота expert.ru