Угнаў таксі – і перадумаў. Другі выпадак у Маладзечне, калі злодзей адмаўляецца ад злачынства
У ноч на 29 красавіка 31-гадовы маладзечанец угнаў таксі, але потым перадумаў, пазваніў маці кіроўцы і сказаў, дзе яго шукаць.
Каля 00.30 таксіст пад’ехаў да маладзечанскага начнога клуба “Магніт”. Пабачыўшы непадалёк свайго знаёмага, ён падсеў да яго ў машыну, каб крыху паразмаўляць. Рухавік у сваім “Мерседэсе Бэнцы”вырашыў не выключаць і дзверы не замыкаць.
Мужчына, які якраз бачыў гэта, паддаўся спакусе, сеў у машыну ды паехаў.
Таксіст ўбачыў, як яго машына выязджае са стаянкі, але падумаў, што гэта нехта жартуе.
Потым ужо разам з іншым таксістам ён кінуўся наўздагон.
Але такія меры аказаліся непатрэбнымі.
Злодзей падумаў і вырашыў вярнуць аўтамабіль. Ён пазваніў маці законнага кіроўцы і сказаў, што чакае на стаянцы каля чыгункі.
Яго затрымала міліцыя.
Цяпер узбуджаная крымінальная справа. Злодзею пагражае ад двух да пяці гадоў абмежавання волі альбо пазбаўлення волі да пяці гадоў.
Пра здарэнне расказаў старшы следчы Маладзечанскага раённага аддзела следчага камітэта Яўген Скаскевіч.
Сямімесячнае дзіця выратавала ад гвалтоўнай смерці свайго бацьку-таксіста
Настасся РОЎДА.
Фота yuga.ru.