Неўтаймаваная стыхія

Источник материала:  
19.04.2013 — ЧП

У беларускіх ратавальнікаў зараз гарачая пара, бо цяперашняе разводдзе прэтэндуе на рэкорд.

У Петрыкаўскім раёне Гомельскай вобласці рака Прыпяць прарвала 20-мятровую дамбу. Як толькі ў МНС паступіла аб гэтым паведамленне, ратавальнікі адразу ж па радыё апавясцілі жыхароў вёскі Мардвін, каля якой знаходзіцца дамба. Потым прыступілі да эвакуацыі насельніцтва.

— У вёсцы Мардвін на 43 падворках знаходзілася 56 чалавек, — паведамілі ў Гомельскім абласным упраўленні МНС. — Вада затапiла 15 дамоў, у якіх пражываюць 24 чалавекі. Эвакуіраваных размяшчаюць у Петрыкаўскай ЦРБ, дзіцячым інтэрнаце, гасцініцах вёскі Ляскавічы і Петрыкава. Хатнюю жывёлу перавезлі на больш высокія месцы.

За пакінутай гаспадаркай прыглядаюць супрацоўнікі РАУС. У месцы прарыву дамбы зараз працуюць зводны атрад МНС, работнікі КУП «Петрыкаўскі райжылкамгас», ДЛГУ «Петрыкаўскі лясгас», ДРБУ-112 і ПМС.

У горадзе Верхнядзвінску Віцебскай вобласці падраздзяленні МНС расчысцілі 2500 кв. метраў ледзянога покрыва на рацэ Дрысе. У Лёзненскім раёне для дастаўкі прадуктаў харчавання і пераправы жыхароў у адрэзаную вадой вёску Кучыншчыну, дзе жывуць 8 чалавек, выстаўлены пост МНС. А ў Бешанковіцкім арганізавана кругласутачная лодачная пераправа ў вёску Дыбалi.

На Брэстчыне, па апошніх даных, вырас узровень вады ў рацэ Піне, з-за чаго падтоплены 1 жылы дом, 5 гаспадарчых пабудоў, 3 падворкі ў Пінску.

Усяго ж па краіне паводкавыя воды «ўзялi ў палон» больш за 280 жылых дамоў, 830 дачных, 2330 падворкаў, будынкi сярэдняй школы, крамы, гаража і фельчарска-акушэрскага пункта, а таксама 40 участкаў дарог і 10 аўтамабільных мастоў. А талыя — каля 60 жылых дамоў, 110 дач, 410 падворкаў, аптэку, сярэднюю школу і 5 участкаў дарог.

На здымку: у вёсцы Азяраны Жыткавiцкага раёна.

Фота: БЕЛТА

←В Можайске: Крутой занос

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика