Рамантычны вечар смаргонца закончыўся бальнічным ложкам
![](http://www.21.by/pub/news/2013/03/1364547123291384.jpg)
Відавочна, не тым павінна была скончыцца сустрэча са знаёмай для 52-гадовага жыхара Смаргоні. А пачыналася ўсё быццам нядрэнна…
Прыемныя размовы стваралі ілюзію рамантыкі, якая паступова знікала з кожнай перакуленай чаркай спіртнога.
У выніку ж атрымалася, што паміж жанчынай і яе кавалерам разгарэўся скандал. Жанчына не даравала крыўды і стукнула сабутэльніку нажом у грудзі.
Начальнік Смаргонскага раённага аддзела Следчага камітэта падпалкоўнік юстыцыі Андрэй Рэзін:
– У той вечар жанчына прыйшла дадому да пацярпелага. Яны разам выпівалі. Ні з таго, ні з сяго падазраваная пачала вучыць мужчыну як жыць, на што той адказаў ненарматыўнай лексікай.
Абразу дама дараваць не змагла і, схапіўшы кухонны нож, ўдарыла крыўдзіцеля ў грудзі. Мужчына так і застаўся сядзець у крэсле.
Жанчына, убачыўшы, што нарабіла, пабегла да суседкі. Ёй расказала, што адбылося, і папрасіла выклікаць “хуткую дапамогу”.
Хутка мужчыну шпіталізавалі. Аб крымінальным характары атрыманай траўмы лекары паведамілі ў міліцыю.
Цяпер жанчына затрыманая і знаходзіцца ў ізалятары часовага ўтрымання. Узбуджаная крымінальная справа.
Жыццю пацярпелага ўжо нічога не пагражае.
Ігар БЕЛАЗЁРАЎ, УУС Гродзенскага аблвыканкама.
Фота ladysweet.ru.