Парады, як не даць злодзею залезці ў ваш гараж
Кожны дзень у раёне ўзломваюцца некалькі гаражоў. Калі аўтамабіль стаіць у гаражы, то зусім не значыць, што ён у поўнай бяспецы. І гэта пацвярджае статыстыка.
Першае і самае галоўнае для бяспекі вашага гаража – разуменне, што рызыка яго ўзлому ёсць. Празмерная самаўпэўненасць толькі дапамагае злодзею ажыццявіць свае намеры.
Паняцце “бяспека” тычыцца не толькі самога гаража, але і тэрыторыі вакол яго. Калі ваш гараж знаходзіцца не ў самым добрым раёне горада, дрэнна асвятляецца, без арганізаванай аховы гаражнага кааператыва, ды ў дадатак яшчэ і нябачны – будзьце ўпэўненыя, што рана ці позна ў ім з’явяцца няпрошаныя госці.
Гараж узломваюць, каб скрасці дарагую магнітолу, колы, часам нават прадуктовыя запасы, якія захоўваюць у падвале.
Як пранікаюць у гараж
Звычайна, каб пранікнуць у гараж, узломваюць замкі. Каб зрабіць немагчымым перапілоўванне дужак навясных замкоў, да варот прымацоўваюць спецыяльныя кажухі. Але яны не абароняць ад зрыву замкоў звычайным ломам альбо з дапамогай прасунутага ў дужку моцнага ланцуга.
Каб гэтага пазбегнуць, трэба ставіць замкі са схаваным стрыжнем. Яны абцякальнай формы, таму скарыстаць ланцуг папросту не атрымаецца. Яшчэ лепш мець і ўнутраныя замкі, якія не адмыкаюцца знутры і папярэджваюць угон аўтамабіля нават тады, калі злодзей усё ж такі залез у ваш гараж.
Калі ў варотах няма дзверцаў, замкі лепш ставіць на адлегласці 400-500 мм па вертыкалі. У гэтым выпадку нагрузка размяркуецца пры спробе грубага ўзлому.
Аб узломе папярэдзяць званком ці СМС
Існуюць і больш сучасныя варыянты абароны гаражоў ад узлому. Найбольш папулярны – ставіць гараж на радыёсігналізацыю з дапамогай паслуг пазаведамаснай аховы. Вам не трэба будзе цягнуць тэлефонны кабель, бо сігналізацыя працуе на радыёчастотах.
Будзьце ўпэўненыя, што “няпрошаныя госці” вашага гаража будуць гасцінна “прынятыя” ўзброеным нарадам, які прыедзе праз некалькі хвілін пасля ўзлому. А вас тым часам папярэдзяць тэлефонным званком альбо СМС.
Узломваюць і кіёскі без сігналізацыі
Ад пачатку 2013 года ў Маладзечне адбыліся тры крадзяжы з кіёскаў, якія знаходзіліся каля аўтобусных прыпынкаў.
Зладзеі выломліваюць ралеты, разбіваюць шкло, крадуць тавар і грошы і знікаюць.
Яны выбіраюць кіёскі, на якіх не стаіць сігналізацыя, бо ведаюць, што да такіх нарад міліцыі прыедзе не так хутка, і самі паспеюць уцячы.
Просім усіх, каму што-небудзь вядома аб гэтых крадзяжах, паведаміць у Маладзечанскі РАУС па тэлефонах: (8 0176) 77-16-56 альбо 102.
Канфідэнцыйнасць і ўзнагароджанне гарантуюцца.
Валянцін АСІПОВІЧ, падпалкоўнік, першы намеснік начальніка РАУС, начальнік крымінальнай міліцыі.
Фота mediaserver.adevarul.es.