Сёння затрыманы 21 мытнік з Меднікаў (дададзена)
КПП у Медніках. Фота DELFI.
У сераду раніцай былі затрыманыя каля двух дзесяткаў супрацоўнікаў КПП Медзінінкай (Меднікі) Віленскай тэрытарыяльнай мытні. Дваццаці аднаму супрацоўніку мытні Літвы прад’яўленыя абвінавачванні ў злоўжыванні службовым становішчам і ў хабарніцтве.
Па сваім аб’ёме гэта адно з самых буйных карупцыйных спраў у гісторыі літоўскай мытні, паведамляе партал ru.delfi.lt са спасылкай на Дэпартамент мытні.
Меднікі мяжуюць з беларускім КПП Каменны Лог ля Ашмянаў.
Праваахоўнікі назіралі за мытнікамі цягам некалькі месяцаў
Па словах пракурора Марціна Ёваша, у злоўжыванні службовым становішчам і атрыманні хабару падазраецца 30 службоўцаў, за якімі вялося назіранне 4 месяцы.
Першапачаткова інфармацыя пра злоўжыванні паступіла ад вадзіцеляў. Генеральны дырэктар Мытнага дэпартаменту Антанас Шыпавічус на спецыяльным брыфінгу, які прайшоў у сераду, сказаў, што напачатку былі спробы актыўна супрацьдзейнічаць карупцыі іншымі спосабамі, але гэта не дало жаданых вынікаў. І ўрэшце было вырашана пайсці на “крайнія меры”.
Мытны дэпартамент меў інфармацыю пра тое, што некаторыя мытнікі незаконна бралі з вадзіцеляў вялікагрузных машын грошы ў памеры 20-40 літаў (каля 60-120 тысяч рублёў - рэд. РГ"). Калі мытнік фіксаваў ўяўнае або рэальнае парушэнне, то аплата была яшчэ большай.
Па словах Шыпавічуса, не застанецца без пакарання і той, хто ведаў пра злачынствы. Па словах генеральнага дырэктара Мытнага дэпартамента – сумленнасць і добрасумленная праца – абавязковае патрабаванне да ўсіх афіцэраў мытні.Колькасць падазраваных у гэтай карупцыйнай справе з часам можа вырасці.
Ці будуць чэргі ў Медніках і Каменным Логу?
Кіраўнік Віленскай тэрытарыяльнай мытні Ёнас Рэклайціс паведаміў, што дзеля таго, каб пазбегнуць росту чэргаў, у Меднікі часова будуць перамешчаныя мытнікі з іншых участкаў. І зробяць гэта ў бліжэйшы час. Цяпер аналізуецца, колькі дадаткова патрэбна прыцягнуць на працу ў Меднікі афіцэраў мытні. Магчыма, будуць запрошаныя мытнікі з іншых краін.
Калі справа мытнікаў будзе перададзеная ў суд, пракурор Ёваш пакуль не можа сказаць: цяпер адбываюцца вобшукі і першасныя даследаванні:
У змену у Медніках працуе 20 мытнікаў. Усяго – 80 чалавек. Па словах кіраўніка Бюро крымінальнага расследавання Манта Кашылы, не ўсе мытнікі бралі хабар, але расследаванне яшчэ вядзецца.
Андрус Кубілюс аб карупцыі на мытні Літвы
Выканальнік абавязкаў прэм’ер-міністра Літвы Андрус Кубілюс, каментуючы затрыманні службовых асоб мытні сказаў, што гісторыя паказвае, што “хворае цела можа сябе вылечыць”:
– Мытная служба мае магчымасці і досвед для выяўлення ўнутраных праблем і барацьбы з імі. Той факт, што самі ўнутраныя службы мытні і спецслужбы знайшлі такіх злачынцаў – гэта добра. Сістэма сама зможа ачысціцца.
Аддзел інфармацыі.