Нецвярозы кіроўца без правоў урэзаўся ў дом

Источник материала:  
01.12.2012 — ЧП

“Міцубісі” праляцела над кустамі і так ўдарыла правым бокам у вугал дома, што яе развярнула.

Амаль праз тры месяцы пасля аварыі, у якой загінула жанчына, суд вынес прыгавор абвінавачанаму.

“РГ” ужо пісала аб гэтым здарэнні ў №32. Цяпер з’явіліся падрабязнасці і стала вядома, якое пакаранне прызначыў суд, бо парушальніку пагражала да пяці гадоў пазбаўлення волі.

Здарэнне адбылося 1 жніўня каля 17 гадзін. Нецвярозы кіроўца вёз выпіўшую былую жонку ў краму, дзе яна хацела набыць танныя прадукты. Жанчына не была прышпіленая рамянём бяспекі.

Калі кіроўца заўважыў, што ззаду яго даганяе міліцыя, якая ўжо ўключыла мігалку, то спужаўся затрымання і націснуў на газ.

Баяцца яму было чаго: мужчына быў п’яны і без правоў, якіх яго пазбавілі два гады таму за кіраванне ў нецвярозым стане.

Каб абагнаць машыны, якія ехалі ў спадарожным накірунку да льнозавода, ён выехаў на сустрэчную паласу. На закругленні дарогі ў левы бок убачыў машыну, якая ехала насустрач. Каб пазбегнуць лабавога сутыкнення, рэзка скончыў манеўр абгону. Аднак хуткасць яго аўтамабіля была каля 80 кіламетраў у гадзіну, таму на павароце ён не справіўся з кіраваннем.

Машыну вынесла на бардзюр і ад удару падкінула ўверх. Аўтамабіль праляцеў над кустамі і ўдарыўся правым бокам у вугал дома. Кіроўца страціў прытомнасць. Калі прыйшоў у сябе, убачыў вакол шмат людзей. Яго дасталі першым, бо левы бок машыны пацярпеў менш. Жанчыну вызвалілі супрацоўнікі МНС. Ад цяжкіх траўмаў яна памерла ў бальніцы.

Машыну падарыў сыну

Перад тым, як кіроўцу ў 2010 годзе пазбавілі правоў за кіраванне ў нецвярозым стане, ён купіў машыну. Сёлета падарыў яе свайму сыну на паўналецце.
Аўтамабіль стаяў каля дома. Ключы ад яго мужчына меў, таму вырашыў, што нічога не здарыцца, калі ён асцярожна з’ездзіць у краму і вернецца назад.

Прыгавор

Сын не мае да бацькі ніякіх матэрыяльных прэтэнзій і просіць суд не караць яго строга.

Суд прызначыў мужчыну два гады і шэсць месяцаў у папраўчай калоніі ва ўмовах пасялення. Таксама яго пазбавілі права на кіраванне транспартнымі сродкамі на пяць гадоў.

Аляксандр ЛЯНКЕВІЧ, старшы памочнік пракурора Ашмянскага раёна.

←В Конго разбился самолет

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика