Абрабаваў на вуліцы і забраў усё... да запальнічкі
30.11.2012
—
ЧП

Нецвярозы 19-гадовы маладзечанец 23 ліпеня каля чыгуначнага прыпынку ў вёсцы Баяры абрабаваў нецвярозага мужчыну. Суд вынес яму прыгавор другога лістапада.
Хлопец каля паловы дзясятай вечара ў Баярах так піхнуў мужчыну, што той паваліўся на зямлю. Потым ён яшчэ некалькі разоў ударыў яго па твары і забраў з нагруднай кішэні 20 тысяч рублёў, запальнічку, пачку цыгарэт і мабільны тэлефон, які каштуе 500 тысяч рублёў. Прыхапіў і пакет, у якім былі ўпакоўка селядцоў, бутэлька гарэлкі, дзве пачкі цыгарэт, масла і 200 грамаў сыру. Атрымліваецца, што ўсяго хлопец забраў на суму больш за 600 тысяч рублёў.
Абвінавачаны прызнаў сваю віну цалкам. Шкоду кампенсаваў.
Суд прыгаварыў хлопца да двух гадоў пазбаўлення волі (па частцы 2 артыкула 206 Крымінальнага кодэкса Беларусі), але адтэрмінаваў прыгавор на год.
Вадзім БЯРОЗКІН, памочнік пракурора Маладзечанскага раёна.
Фота vmurmanske.ru