Двое скралі і прадалі тэлефон сябра
Нецвярозыя, 30-гадовы маладзечанец і 27-гадовы жыхар вёскі Адамавічы, 2 ліпеня каля 15.00 скралі мабільны тэлефон з усёй гарнітурай. Ён каштуе больш за два мільёны рублёў. На выручаныя грошы мужчыны купілі выпіўку.
Потым у вёсцы Княгінін Мядзельскага раёна адзін з іх, якому 27 гадоў, у другі раз, ужо самастойна, дзеля выпіўкі, скраў амаль 500 тысяч рублёў ў нецвярозага знаёмага. Адбылося гэта пасля таго, як апошні адмовіўся даць яму грошы.
Абвінавачаныя прызналі сваю віну цалкам.
Мабільны тэлефон вернуты ўладальніку.
Дарэчы, 27-гадовы жыхар вёскі Адамавічы ўжо мае тры судзімасці за крадзяжы ў 2006, 2009 і 2011 гадах.
Судовае пасяджэнне па апошняй справе адбылося 17 кастрычніка.
Маладзечанца суд прыгаварыў да года і трох месяцаў абмежавання волі без накіравання ў выпраўленчую ўстанову адкрытага тыпу (частка 2 артыкула 205 “Крадзеж” Крымінальнага кодэкса Беларусі). Але згодна з амністыяй пакаранне скарацілі на тры месяцы.
Жыхара вёскі Адамавічы суд прыгаварыў да года і трох месяцаў абмежавання волі па частцы 2 артыкула 205 “Крадзеж” і на два гады абмежавання волі па частцы 2 артыкула 206 “Рабаванне” КК Беларусі. Канчатковым пакараннем суд прызначыў два гады абмежавання волі без накіравання ў выпраўленчую ўстанову адкрытага тыпу.
Абодвух абвінавачаных будуць прымусова лячыць ад хранічнага алкагалізму.
Прыгавор можа быць абскарджаны і апратэставаны на працягу 10 сутак з дня абвяшчэння.
Сяргей Габруковіч,
старшы памочнік пракурора Маладзечанскага раёна.
Фотаatv.odessa.ua