Абразіў работніка міліцыі
Маладзечанец, якому 40 гадоў, ударыў і абразіў міліцыянера, за што атрымаў год умоўнага абмежавання волі.
Мужчына быў нецвярозы і знаходзіўся ў псіханеўралагічным дыспансеры, куды яго прывёз супрацоўнік міліцыі. Ён прысутнічаў пры аглядзе маладзечанца. У кабінеце мужчына пачаў абражаць міліцыянера і, калі яго садзілі ў службовую машыну, піхнуў супрацоўніка праваахоўных органаў у грудзі і ўдарыў у шыю.
На судовым пасяджэнні абвінавачаны прызнаў сваю віну часткова. Ён сказаў, што не наўмысна адмахваўся рукамі і піхнуў міліцыянера, а потым ударыў яго.
Але суд палічыў абвінавачанага вінаватым па артыкулах 364 “Гвалт альбо пагроза ўжывання гвалту ў дачыненні да супрацоўніка органаў унутраных спраў” і 369 “Абраза прадстаўніка ўлады” Крымінальнага кодэкса Беларусі.
У адпаведнасці з часткай 2 артыкула 72 Крымінальнага кодэкса Беларусі, жыхару Маладзечна за здзейсненыя злачынствы прызначылі пакаранне ў выглядзе года і шасці месяцаў умоўнага абмежавання волі.
Але ў адпаведнасці з артыкулам восьмым Закона Беларусі “Аб амністыі некаторых катэгорый асоб, якія здзейснілі злачынства” маладзечанцу скарацілі пакаранне да аднаго года умоўнага абмежавання волі.
Іван НЕЎМЯРЖЫЦКІ,
памочнік пракурора Маладзечанскага раёна.