Забойца аказаўся яшчэ і гвалтаўніком
Нарадзіўшы дзіця, жанчына даведалася, што яе муж не толькі забойца, але і гвалтаўнік.
Суд прызначыў 11 гадоў пазбаўлення волі 28-гадоваму маладзечанцу. Калі яго асудзілі за забойства 18-гадовага хлопца, высветлілася, што чатыры гады таму мужчына яшчэ згвалціў маладзечанку.За маральную шкоду ён павінен выплаціць дзяўчыне два мільёны рублёў.
Летась у канцы кастрычніка маладзечанца затрымалі за забойства. Ён быў нецвярозы і ішоў па Велікасельскай разам са сваяком. Вечарам каля 10 гадзін на гэтай жа вуліцы ён сустрэў маладую пару. Пачаў сварыцца з 18-гадовым хлопцам. Завязалася бойка, у якой хлопец “перамог”. Але абвінавачаны не спыніўся, пайшоў дадому, узяў нож і вярнуўся назад. Хлопец з дзяўчынай яшчэ сядзелі на лаўцы.
Абвінавачаны пырнуў нажом крыўдзіцеля два разы. Другі ўдар моцна пашкодзіў унутраныя органы. Хлопец памёр той жа ноччу ў бальніцы.
Сёлета 1 лютага маладзечанцу па частцы 1 артыкула 139 “Забойства” суд прызначыў пакаранне ў выглядзе 10 гадоў пазбаўлення волі.
Згвалтаванне
Падчас адбывання пакарання высветлілася, што асуджаны чатыры гады таму яшчэ згвалціў дзяўчыну.
Выпіўшы, абвінавачаны і яго сябар у канцы мая 2008 года пазнаёміліся ў тры гадзіны ночы з дзвюма сёстрамі. Дзяўчаты, якія таксама былі нецвярозыя, знаходзіліся каля пуцеправода. Яны не маглі адшукаць банкаўскую картку і папрасілі ў хлопцаў дапамогі, калі тыя праходзілі непадалёк.
Неўзабаве адной з сясцёр трэба было ісці дадому, і яна пакінула другую разам з новымі знаёмымі. Потым хлопцы вырашылі праводзіць дзяўчыну да дома.
Калі ўсе ўтраіх праходзілі каля лазні №4 па вуліцы Касманаўтаў, абвінавачаны піхнуў дзяўчыну ў плячо, і тая ўпала. Тады хлопец парэзаў нажом адзенне і сарваў яго. Дзяўчына супраціўлялася, таму абвінавачаны ўдарыў яе па твары і стаў гвалтаваць.
Пасля абвінавачаны выцягнуў у дзяўчыны з задняй кішэні 90 тысяч рублёў і, калі яна крыкнула на яго, ударыў кулаком па галаве.
На судовым пасяджэнні абвінавачаны прызнаў сваю віну цалкам.
Абвінавачанаму 28 гадоў. Ён мае сярэднюю адукацыю, на момант злачынства нідзе не працаваў. Раней працаваў лесніком. Жанаты. Яго сыну нядаўна споўніўся год.
Па частцы 1 артыкула 166 “Згвалтаванне” Крымінальнага кодэкса Беларусі суд прызначыў пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі тэрмінам на пяць гадоў. Па частцы 2 артыкула 206 “Рабаванне” − на два гады.
Але па частцы 5 артыкула 72 Крымінальнага кодэкса Беларусі канчатковым пакараннем за тры злачынствы суд прызначыў пазбаўленне волі тэрмінам на 11 гадоў у выпраўленчай калоніі ўзмоцненага рэжыму.
Гвалтаўніку таксама трэба выплаціць пацярпелай два мільёны рублёў за маральную шкоду.
Іван НЕЎМЯРЖЫЦКІ,
памочнік пракурора Маладзечанскага раёна.
Фота yandex.ru.