Жанчына ўкрала ў гіпермаркеце 13 пар абутку
37-гадовай жыхарцы Гродна вельмі спадабалася абутковая крама ў адным з гіпермаркетаў абласнога цэнтра, адкуль яна за два месяцы вынесла 13 пар абутку.
Жанчына брала абутак са стэлажа, на вачах ва ўсіх прымярала, пасля чаго клала тавар у пакет, а пустую каробку вяртала на месца. І, не заплаціўшы, пакідала гіпермаркет. Так працягвалася да таго часу, пакуль зладзейкай не зацікавіліся аператыўнікі крымінальнага вышуку. Падчас вобыску ў яе дома выявілі некалькі ўкрадзеных пар абутку. Пры гэтым жанчына апраўдваецца тым, што выхоўвае без мужа дзвюх дачок. Маўляў, іх трэба было абуць да школы, а грошай не хапала. Праўда, сярод украдзенага былі не толькі жаночыя мадэлі, але і мужчынскія. Заведзена крымінальная справа па артыкуле "Крадзеж", паведамляе аддзяленне інфармацыі і грамадскіх сувязяў УУС Гродзенскага аблвыканкама.
Барыс ПРАКОПЧЫК