Гэта быў несапраўдны "прараб"...
Два работнікі будаўнічай фірмы вырашылі "культурна" адпачыць, для чаго ўжо ў 8 гадзін раніцы ў адной са сталічных крам набылі тры бутэлькі гарэлкі і бутэльку піва.
Паводле інфармацыі Цэнтральнага РУУС г. Мінска, бавіць такім чынам час яны пачалі ў бліжэйшым двары. Тут да іх далучыўся незнаёмец. За чарговым тостам, даведаўшыся, што мае справу з будаўнікамі, той прапанавай прадоўжыць банкет у яго дома, маўляў, адначасова і пытанне магчымага рамонту кватэры абмеркаваць можна будзе. На новым месцы адзін з сяброў-будаўнікоў хутка зразумеў, што сілы яго пакідаюць, і папрасіў праводзіць дадому. Назад у кватэру мужчыны вярнуліся ўжо ўдвух. Чарговы раз кульнуўшы, госць папрасіў гаспадара пазычыць яму 150 тысяч рублёў. А той адмовіў, што прывяло да сваркі, падчас якой уладальнік жылля атрымаў кухталёў. Пасля гэтага госць забраў у пацярпелага грошы, планшэт, залаты пярсцёнак і пакінуў кватэру. Тое, што адбылося, пабіты гаспадар маёмасці, улічваючы колькасць выпітага, змог ацаніць толькі праз суткі, пасля чаго звярнуўся ў міліцыю. Падчас пошукавых мерапрыемстваў супрацоўнікі крымінальнага вышуку Цэнтральнага РУУС устанавілі асобу зламысніка: гэта жыхар Пінска, які пасля здзяйснення злачынства ўжо з'ехаў у родны горад. Там яго і затрымалі на кватэры сужыцелькі. На той момант скрадзеныя грошы былі патрачаны, пярсцёнак — прададзены. Планшэт знайшлі дома ў затрыманага. Свой учынак злачынца патлумачыў моцным алкагольным ап'яненнем.
"Парыбачылі" на мільёны...На Волме ў Чэрвеньскім раёне работнікі Мінскай міжрайінспекцыі затрымалі грамадзяніна, які здабываў рыбу сеткамі.
У парушальніка канфіскавалі 7 такіх забароненых прылад лоўлі (агульнай даўжынёй 285 метраў) і 78 кілаграмаў здабычы. Незаконная здабыча рыбы пацягнула нанясенне шкоды ў асабліва буйным памеры — на 14,5 мільёна рублёў.
Ва ўрочышчы "Залатое" ў рыбалоўных угоддзях Брагінскага раёна дзяржінспектары пры праверцы аўтамабіля, у якім ехалі тры чалавекі, знайшлі невад даўжынёй 55 метраў і два мяхі з азёрна-рачной рыбай агульнай вагой 25 кілаграмаў. Шкода склала 11,1 мільёна рублёў. У абодвух выпадках браканьераў чакае крымінальная адказнасць.
Сяргей РАСОЛЬКА