Сто мільёнаў за марыхуану

Источник материала:  
22.09.2012 — ЧП

Праз дзяржаўную мяжу можна перавозіць толькі асабістыя або задэклараваныя рэчы.

Грамадзяніну Літвы прысудзілі штраф у сто мільёнаў рублёў за набыццё і перавоз марыхуаны праз мяжу.

Адкрытае пасяджэнне суда адбылося 7 верасня ў Ашмянах.

Абвінавачаны 38-гадовы грамадзянін Літвы Г., які мае права на жыхарства ў Беларусі. Ён працуе інжынерам у Астраўцы. Мае дзіця.
Абвінавачанага затрымалі 30 красавіка па падазрэнні ў злачынстве, прадугледжаным часткай 1 артыкула 328 і часткай 2 артыкула 228 Крымінальнага кодэкса Беларусі.

Грамадзянін Г. 28 красавіка ў Літве набыў чатыры грамы марыхуаны. Частку наркатычнага рэчыва ён ужыў, пасля чаго ў мужчыны засталося 3,5 грама наркотыку. Ён паклаў рэчыва пад кажух каробкі пераключэння перадач свайго аўтамабіля “БМВ 320”. Там гаспадар і захоўваў наркотык без мэты збыту, пакуль яго не знайшлі.

Яго затрымалі 30 красавіка 2012 года на беларуска-літоўскай мяжы. Абвінавачаны накіроўваўся ў Вільню, знаходзячыся ў стане наркатычнага ап’янення. Гэта пацвердзіла медыцынская экспертыза, якую правялі пасля затрымання.

Пры афармленні дакументаў на памежным пункце вёскі Катлоўка яго затрымалі супрацоўнікі органаў унутраных спраў. Падчас мытнага кантролю ў яго машыне знайшлі марыхуану. Пры гэтым грамадзянін пазначаў у дэкларацыі, што не правозіць забароненых тавараў.
На допыце абвінавачаны прызнаў сваю віну і паведаміў, што набыў наркотык у незнаёмага мужчыны на тэрыторыі Літвы. Пра паходжанне набытай марыхуаны ён нічога не ведаў.

Сведкамі падчас судовай справы выступалі супрацоўнікі мытнай службы. Суд Ашмянскага раёна пастанавіў, што грамадзянін вінаваты ў незаконным набыцці наркотыкаў і іх патаемнай перавозцы праз мяжу.

Ва ўлік суд прыняў тое, што абвінавачаны мае маленькае дзіця, ўпершыню трапіў пад суд і прызнаў сваю віну, мае станоўчыя характарыстыкі ад суседзяў і калег, не мае патрэбы ў прымусовым лячэнні ад наркаманіі. Ён выплаціць штраф у памеры 1000 базавых велічынь (100 мільёнаў рублёў) без канфіскацыі маёмасці.

Уладзімір ЛОСЬ, намеснік пракурора Ашмянскага раёна.

Фота Настассі РОЎДЫ.

←Последний довод — топор

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика