Жанчына з сеткамі. У лодцы
Работнікі Жлобінскай міжрайінспекцыі затрымалі браканьера. Ім аказалася 51-гадовая жанчына, якая, як высветлілася, трапляла ў поле зроку дзяржінспектараў і раней...
— Затрымалі жанчыну на тым жа самым месцы, дзе і летась у кастрычніку, — на затоцы Дняпра. Непадалёку знаходзіцца дачны пасёлак, дзе яна, жыхарка Рагачова, бавіць час летам. У гэтым месцы дамы знаходзяцца зусім побач з вадой, тут захоўваюцца лодкі. Дзве з іх, па словах затрыманай, належаць ёй, — расказаў дзяржінспектар Жлобінскай міжрайінспекцыі аховы жывёльнага і расліннага свету Арцём Купрэвіч.
Драўляныя лодкі — аднамесныя, даволі няўстойлівыя, кіраваць такой не па сілах нават неспрактыкаванаму мужчыну. А жанчына з яе яшчэ і сеткі закідвала... Злавіць яна паспела няшмат: двух шчупакоў, двух лінёў (агулам каля 2,6 кілаграма). Аднак, паколькі на працягу года затрыманая ўжо прыцягвалася да адміністрацыйнай адказнасці за падобнае правапарушэнне, зараз вырашаецца пытанне аб завядзенні ў дачыненні да яе крымінальнай справы.
Сяргей РАСОЛЬКА.