Шукалі грыбы, згубіліся самі
За суткі ў Маладзечанскім раёне прапалі тры чалавекі. Прычына банальная: пайшлі ў лес па грыбы і заблукалі. На шчасце, усё скончылася добра.
— Напачатку паведамленне аб прапажы чалавека ў лясным масіве паступіла з вёскі Цемяніца: яшчэ ранкам у грыбы выправіўся пенсіянер 1955 года нараджэння. І заблудзіў. Шукалі яго дзесяць чалавек. Амаль у 23 гадзіны каля санаторыя "Вяжуці" грамадзянін самастойна выйшаў з лесу на гукі да аўтамабіля супрацоўнікаў РАУС. Стан яго быў здавальняльны, шпіталізацыя не спатрэбілася, — падзяліліся падрабязнасцямі здарэння ў цэнтры прапаганды і навучання пры Мінскім абласным упраўленні МНС.
Адразу пасля поўначы стала вядома, што паблізу вёскі Падлесная ў лесе заблукалі мужчына і жанчына. Мабільны тэлефон — "па-за зонай доступу". Для правядзення пошукава-выратавальных работ прыцягваліся 15 чалавек. Мужчына 1958 года нараджэння і жанчына 1961 года нараджэння, якія бліжэй да вечара пайшлі па грыбы, на шчасце, знайшліся. Згодна з аператыўнай інфармацыяй, абышлося і без негатыўных наступстваў для іх здароўя.
Сяргей РАСОЛЬКА