Машыніст скраў дызельнае паліва
Фота asianfair.org.
Машыніст, яго памочнік і жыхар Вілейшчыны абвінавачаныя ў крадзяжы дызельнага паліва на суму больш за два мільёны рублёў.Змоўцы ўтраіх загаддзя распланавалі, як будзе адбывацца крадзеж.
Раніцай 7 мая паміж прыпынкамі Куранец і Даманова з цеплавоза, які ехаў у саставе грузавога поезда па маршруце Наваполацк – Маладзечна, яны скралі дызельнае паліва. Машыніст з адным з памочнікаў машыніста разлілі 300 літраў паліва ў дзесяць каністр, якія звязалі вяроўкай.
Пасля таго, як яны праехалі Вілейку, змоўцы выкінулі каністры з палівам з поезда. Там іх чакаў жыхар Вілейшчыны, які раней перадаў ім гэтыя каністры. Але пры дапамозе аперацыі “Перахоп” яго затрымалі на месцы здарэння. Пазней затрымалі таксама машыніста і яго памочніка.
Змоўцы ўчынілі злачынства, прадугледжанае чаткай 2 артыкула 211 Крымінальнага кодэкса Беларусі – прысабечванне маёмасці асобай, якой яно даверана, здзейсненае групай асоб па папярэдняй змове.
Па гэтай справе з мэтай прафілактыкі адбылося выяздное пасяджэнне суда ў маладзечанскім лакаматыўным дэпо.
Сваю віну абвінавачаныя прызналі цалкам. 42-гадовы машыніст пазбаўлены свабоды на тры гады. Ён таксам атрымаў штраф у памеры 150 базавых велячын (15 мільёнаў рублёў).
Жыхар Вілейкі, якому 33 гады, пазбаўлены свабоды на два гады. Яму прыйдзецца выплаціць штраф у 50 базавых (пяць мільёнаў рублёў). Памочнік машыніста, якому 23 гады, прыгавораны да двух гадоў пазбаўлення свабоды і штрафу памерам 70 базавых (сем мільёнаў рублёў).
Пазбаўленне свабоды для ўсіх іх адтэрмінаванае.
Улічваючы, што крадзеж звязаны з парушэннем службовых абавязкаў, дадатковым пакараннем для змоўцаў стала пазбаўленне права займаць пасады, звязаныя з захоўваннем і размеркаваннем маёмасці.
Дзмітры ШАРАНГОВІЧ, выконваючы абавязкі Мінскага транспартнага пракурора.
Зоя ХРУЦКАЯ.