Лельчыцкія пагарэльцы — прадпрымальнікі
Знішчана маёмасць у 6 гандлёвых павільёнах і дах на плошчы 120 квадратных метраў. Гэта — вынікі начнога пажару на тэрыторыі рынку ў Лельчыцах.
А палове пятай раніцы вартаўнік паведаміў аб моцным задымленні на рынку "Растоўскі". Да месца пажару былі накіраваны 10 адзінак тэхнікі з пажарнымі разлікамі. Адкрытым полымем гарэлі тры гандлёвыя павільёны. Праз гадзіну супрацоўнікі МНС ліквідавалі ўзгаранне, прычынай якога папярэдне называюць парушэнне правілаў эксплуатацыі электрасетак і электраабсталявання (кароткае замыканне электраправодкі). Цагляны будынак рынку належыць прыватнаму прадпрыемству. Павільёны, у якіх гандлявалі і прадуктамі харчавання, і прамысловай прадукцыяй, здаваліся ў арэнду індывідуальным прадпрымальнікам.
Ірына АСТАШКЕВІЧ.