Асудзілі кватэрную махлярку

Источник материала:  
24.07.2012 — ЧП

У Віцебску асудзілі махлярку, якая пры здачы кватэр у Віцебску і Мінску падманула 43 чалавекі. Гэтая крымінальная гісторыя атрымала вялікі грамадскі рэзананс.

33-гадовая рабочая аднаго з віцебскіх абутковых прадпрыемстваў спачатку здавала жыллё ў Віцебску (сваю кватэру і чужую). У інтэрнэце размясціла адпаведную аб'яву, і людзі пачалі ёй тэлефанаваць.

Пры сустрэчы хітрая дама брала ў некаторых аванс, але пасля гэтага многія з яе кліентаў так і не засяліліся. Іншым "пашанцавала" больш: нават рэчы пакінулі ў кватэры, ды толькі гаспадыня зацягвала засяленне. Маўляў, трэба яшчэ трохі пачакаць, пакуль свае рэчы перавязе ў іншую кватэру. І суграмадзяне ёй верылі. Дарэчы, сярод падманутых былі і тры пары закаханых. Некаторыя рэчы сваіх кліентаў зладзейка "экспрапрыявала": два ноўтбукі і зарадныя прылады да іх. Падманутыя людзі звярнуліся па дапамогу ў міліцыю, пачалі заводзіцца крымінальныя справы, потым пачаліся слуханні ў судзе. А хітрая "ранцье", якая знаходзілася пад хатнім арыштам, каб кампенсаваць страту пацярпелым, прыехала ў Мінск і пачала там аналагічным чынам зарабляць грошы. Сама зняла кватэру і потым пачала яе здаваць унаём.

— Махлярка дзейнічала ў перыяд са снежня 2010 года па сакавік 2012-га. У Віцебску падманула 22, а ў Мінску — 21 чалавека. Агульная страта, якую яна нанесла сваім кліентам, перавышае 53,2 мільёна рублёў, — паведаміла "Звяздзе" Вольга Януш, памочнік пракурора Кастрычніцкага раёна г. Віцебска. — Прыгаворам суда яна была пазбаўлена волі тэрмінам на чатыры гады з канфіскацыяй маёмасці. Некаторыя пацярпелыя праз суд патрабавалі кампенсаваць ім і маральную шкоду ў памерах ад 500 тысяч да мільёна рублёў.

Зараз у Віцебску яшчэ па трох аналагічных фактах заведзены і расследуюцца крымінальныя справы. Значыць, ужо асуджанай зладзейцы давядзецца адказваць і за іншыя падманы.

←Тяжелое ДТП под Херсоном

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика