Горача і небяспечна

Источник материала:  
11.07.2012 — ЧП

На вадаёмах Магілёўскай вобласці за мінулы тыдзень загінулі 8 чалавек. Такую жахлівую статыстыку звязваюць з гарачым надвор'ем.

Жыцці двух маладых людзей абарваліся 8 ліпеня, у нядзелю. З моста праз Днепр у Магілёве скокнуў 19-гадовы хлопец, і яго цела знесла хуткай плынню. У зоне адпачынку ў Пячэрску, што ў абласным цэнтры, 23-гадовы мужчына пераацаніў свае сілы і не здолеў пераплыць возера. Прычына здарэння — алкаголь. У таварыстве выратавання людзей на вадзе раяць быць асцярожнымі і сачыць за нецвярозымі сябрамі.

Спякота таксама адбіваецца на самаадчуванні людзей. За мінулыя тры дні толькі ў Магілёўскую гарадскую бальніцу хуткай дапамогі даставілі два дзясяткі чалавек. Пацярпелыя ад сонечных і цеплавых удараў паступалі ў непрытомным стане, і большасць з іх давялося шпіталізаваць. Старыя, здаралася, млелі на вуліцы. Маладыя людзі таксама не заўсёды паводзяць сябе асцярожна. Медыкі раяць усім выходзіць з дому ў галаўным уборы, у светлым натуральным адзенні, піць больш вады.

Ілона Іванова.

Вiртуальны "медык"

Прадпрымальны жыхар Вiцебска за тры гады зарабiў больш за 115 мiльёнаў рублёў на продажы праз iнтэрнэт тавараў медыцынскага прызначэння.

— Гэтым бiзнэсам грамадзянiн, не маючы адпаведнага дазволу, займаўся, пачынаючы з 2009 года. Ён ажыццяўляў рознiчную рэалiзацыю медыцынскiх тавараў насельнiцтву з атрыманнем аплаты за тавар у выглядзе электронных грашовых пераводаў, — паведамiлi ва ўпраўленнi дэпартамента фiнансавых расследаванняў Камiтэта дзяржкантролю Рэспублiкi Беларусь па Вiцебскай вобласцi. — У дачыненнi да грамадзянiна распачата крымiнальная справа.

Аляксандр ПУКШАНСКІ.

Воз "вывез" на браканьераў

Работнікі Бабруйскай міжрайінспекцыі разам з егерскай службай Кіраўскай раённай структуры Беларускага таварыства паляўнічых і рыбаловаў знайшлі ў паляўнічых угоддзях вышэйназванага карыстальніка месца незаконнай здабычы дзікай жывёліны. Быў тут і след воза...

Гэты самы воз са слядамі крыві, галавой і мясам дзіка "знайшоўся" ў адной з вёсак Кіраўскага раёна. Было ўстаноўлена, што дзіка незаконна ўпалявалі трое непрацуючых грамадзян. У іх канфіскавалі тры зарэгістраваныя паляўнічыя стрэльбы з боепрыпасамі, а таксама мяса і шкуру дзіка. Шкода склала 6 мільёнаў рублёў. Парушальнікаў чакае крымінальная адказнасць.

Сяргей РАСОЛЬКА.

←Бриллианты не принесли удачи

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика