У Ашмянскім і Астравецкім раёнах дзяржаўтаінспекцыя ўсталюе расцяжкі на англійскай мове.

Гродзенская дзяржаўтаінспекцыя распрацавала эскізы расцяжак на англійскай мове. На расцяжках па-англійску напісана: “На Гродзеншчыне ліхачоў пазбаўляюць правоў. Адназначна”.
Пра гэта паведамляе прэс-служба дзяржаўтаінспекцыі (ДАІ) Гродзенскай вобласці. Паводле гэтага паведамлення, плануецца, што новыя расцяжкі з’явяцца на беларуска-польскай і беларуска-літоўскай граніцах. У нашым рэгіёне гэта каля мытнага пункта пропуску “Каменны Лог” Ашмянскага раёна і каля мытнага пункта пропуску “Катлоўка” Астравецкага раёна.
Таксама расцяжкі павінны быць устаноўленыя каля мытных пунктаў “Пагранічны” Бераставіцкага раёна, “Брузгі” і “Прывалка” Гродзенскага раёна і “Беняконі” Воранаўскага раёна.
Прэс-служба ДАІ Гродзенскай вобласці паведамляе: на дарогах вобласці ў 2011 годзе загінулі 140 чалавек. 40 з іх – падчас дарожна-транспартных здарэнняў, якія адбыліся з удзелам замежных вадзіцеляў.
Гродзенская дзяржаўтаінспекцыя звяртаецца да чытачоў сайта gaigrodno.by з прапановай выказаць сваё меркаванне пра новыя расцяжкі на англійскай мове.
Сяргей ЗЯНЬКО.
Фота gaigrodno.by