Старадаўнюю зброю знайшлі ў катлаване
Фонды абласнога краязнаўчага музея днямі папоўняцца знойдзенымі падчас археалагічных раскопак у Віцебску шаблямі і шашкамі, а таксама нагруднымі знакамі адрозненняў.
Гэтыя цікавыя артэфакты былі знойдзены ў катлаване будаўнічай пляцоўкі, недалёка ад Заходняй Дзвіны, дзе ўзводзіцца новы будынак абласнога ўпраўлення КДБ. Пакуль што "чэкісты" працуюць у будынку былога губернатарскага палаца, які запланавана перадаць музейшчыкам.
— Пры правядзенні археалагічных раскопак было знойдзена шэсць узораў старадаўняй халоднай зброі: шаблі, шашкі, якія былі зроблены ў прамежку паміж 1884 і 1920 гадамі. Акрамя зброі, знайшлі мноства нагрудных знакаў адрозненняў, прызначаных як для вайскоўцаў, так і для прадстаўнікоў грамадзянскіх ведамстваў. У прыватнасці, значкі з чырвонай зоркай, якія знаходзіліся ў "абароце" ў Чырвонай Арміі ў перыяд 1918-1920 гадоў, значкі конных атрадаў і матарызаваных часцей Чырвонай Арміі часоў грамадзянскай вайны, — паведамілі ў Віцебскім абласным краязнаўчым музеі. — Знаходка ляжала кампактна, на глыбіні 8 метраў, у куце рэшткаў драўлянай пабудовы, якія былі прадметам вывучэння археолагаў. Археолагі мяркуюць, што яна ўяўляе сабой адзіную прыватную калекцыю, схаваную не пазней за 1930-я гады мінулага стагоддзя.
Пасля апрацоўкі і вывучэння ўнікальныя прадметы перададуць у фонды Віцебскага абласнога краязнаўчага музея.
Аляксандр ПУКШАНСКІ.