Пры дэмантажы апынуўся пад завалам
У Докшыцкім раёне пры самавольным дэмантажы будынку, які не эксплуатаваўся, пад заваламі апынуўся мужчына. Пацярпелага выратавалі работнікі МНС. Пра здарэнне ў вёсцы Круляўшчызна і неабходнасць аказання дапамогі чалавеку выратавальнікам паведамілі ў шэсць гадзін вечара. На месцы высветлілася, што абрынулася бетонная пліта ў цагляным аднапавярховым будынку, які быў у стадыі разборкі. Заціснула 53-гадовага мясцовага жыхара. Выкарыстаўшы механізаванае аварыйна-выратавальнае абсталяванне, супрацоўнікі МНС дэблакіравалі пацярпелага і перадалі брыгадзе хуткай медыцынскай дапамогі. Са шматлікімі пераломамі яго даставілі ў рэанімацыйнае аддзяленне Докшыцкай цэнтральнай раённай бальніцы. Стан мужчыны ацэньваецца як стабільна цяжкі. У Міністэрстве па надзвычайных сітуацыях паведамілі, што пацярпелы разам з сужыцелькай дэмантаваў будынак для асабістых патрэб.
Сяргей РАСОЛЬКА, Аляксандр ПУКШАНСКІ.