У кур'еры — капсула, а ў капсуле — какаін
Супрацоўнікі ўпраўлення па наркакантролі і процідзеянні гандлю людзьмі МУС і Кастрычніцкага раённага аддзела Следчага камітэта спынілі міжнародны канал пастаўкі какаіну ў Беларусь з Лацінскай Амерыкі.
Затрыманы арганізатар канала, раней судзімы за аналагічнае злачынства ў Расіі мінчанін, і наркакур'ер.
Як паведамляюць ва ўпраўленні інфармацыі і грамадскіх сувязяў МУС, падчас вобыску на здымнай кватэры ў Мінску ў зламыснікаў канфіскавалі каля 240 г какаіну, дастаўленага напярэдадні авіярэйсам з Паўднёвай Амерыкі. Для маскіроўкі наркотыкаў ад тэхнічных сродкаў мытнага кантролю какаін ператваралі з парашкападобнага ў гелепадобны стан. Кур'еры глыталі капсулы з фасаванымі наркотыкамі і такім чынам перавозілі.
За перавозку адной 240-грамовай партыі кур'еру плацілі 2-2,5 тысячы долараў. Дурман дастаўляўся ў Санкт-Пецярбург, Маскву, краіны Еўрасаюза.
Святлана БАРЫСЕНКА
Угналі аўто з АЗСАператар аўтамабільнай заправачнай станцыі а шостай гадзіне раніцы паведаміў у Аршанскі раённы аддзел унутраных спраў аб тым, што з АЗС каля пасёлка Высокае ўчынілі ўгон яго незачыненай аўтамашыны "Фольксваген". Літаральна хвілін праз дзесяць каля названага пасёлка аўтамашыну знайшлі ў тэхнічна спраўным стане.
Было ўстаноўлена, што "пакаталіся" без дазволу навучэнцы ліцэя, абодва — жыхары Талачынскага раёна. Аддзелам Следчага камітэта заведзена крымінальная справа.
Аляксандр ПУКШАНСКІ.