Міліцыя ратавала гомельскіх школьніц

Источник материала:  
11.05.2012 — ЧП

Вечар 9 мая дзве дзесяцікласніцы адной з гомельскіх школ выбралі для таго, каб звесці рахункі з жыццём. У адной з іх сапсаваліся адносіны з хлопцам, а ў другой нядаўна памерла сяброўка.

Як паведамляюць ва ўпраўленні інфармацыі і грамадскіх сувязяў Міністэрства ўнутраных спраў, літаральна праз пяць хвілін пасля паступлення ў аператыўна-дзяжурную службу УУС Гомельскага аблвыканкама паведамлення аб тым, што на вуліцы Фрунзэ дзве дзяўчыны збіраюцца скочыць з моста праз раку Сож, на месца прыбылі супрацоўнікі падраздзялення міліцыі спецыяльнага прызначэння і Навабеліцкага аддзела Дэпартамента аховы. Калі праваахоўнікі пад'ехалі да моста, адна з дзяўчынак была ўжо ў вадзе. Трое міліцыянераў кінуліся ў ваду і дапамаглі ёй даплыць да берага. З пераахалоджаннем дзесяцікласніцу даставілі ў бальніцу. Яе сяброўку байцы спецназа пераканалі не пераймаць гэты прыклад. Міліцыянеры Аляксей Андрухан, Аляксандр Дарошка і Вячаслаў Сядой будуць узнагароджаны.

Святлана БАРЫСЕНКА.

Падатковы мільярдэр

Жыхар Віцебска па выніках падачы падатковай дэкларацыі быў абавязаны заплаціць 1,3 мільярда рублёў падатку. Вялікія грошы ён атрымаў ад продажу акцый юрыдычнай асобе-нерэзідэнту Рэспублікі Беларусь.

Цікава, што ў раёне горада, дзе ён пражывае — Першамайскім — усяго падалі ў падатковую інспекцыю больш за 470 дэкларацый (па падаходным падатку з фізічных асоб за мінулы год). Па выніках пераразліку падатку па названых вышэй дэкларацыях трэба было даплаціць 1,9 мільярда рублёў.

Аляксандр ПУКШАНСКІ.

На плывучых насілках

Менавіта так перапраўлялі на "вялікую зямлю" мужчыну, які да гэтага здолеў прабрацца на сваю дачу ля вёскі Старыя Цярэшкавічы ў рыбацкіх ботах — бо ўчастак дарогі да садовага таварыства "Забач" зараз падтоплены. Справа ў тым, што мужчына спатыкнуўся, пашкодзіў нагу і выбрацца з вадзяной пасткі самастойна ўжо не змог. Супрацоўнікі МНС пераправілі пацярпелага на "сушу" і перадалі яго медыкам. З дыягназам пералом шыйкі сцягна жыхар Гомеля шпіталізаваны ў бальніцу.

Ірына АСТАШКЕВІЧ.

←Попала под ревнивую руку

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика