Загінулі на прысядзібных участках...
Дзве падобныя трагедыі на працягу некалькіх гадзін адбыліся ў Стаўбцоўскім раёне: тут з-за выпальвання сухой травы загінулі пенсіянеры. А наступным днём бяда паўтарылася: загінула яшчэ адна пенсіянерка, а пенсіянер атрымаў моцныя апёкі...
— Напачатку ў 14.30 выклік паступіў у вёску Кучкуны — на вуліцу Зарэчную, — паведаміў "Звяздзе" галоўны спецыяліст цэнтра прапаганды і навучання пры Мінскім абласным упраўленні МНС Аляксей Рак. — На месцы пажарныя разлікі заспелі гарэнне травы на плошчы 200 квадратных метраў на прысядзібным участку. У выніку загарання загінула пенсіянерка 1934 года нараджэння, жыхарка Мінска, якая пражывала ў дачным доміку. Жанчына вырашыла навесці парадак на сваім участку...
Праз некалькі гадзін у суседняй вёсцы Боханы пажарныя разлікі ўжо тушылі траву на плошчы 100 квадратных метраў на прысядзібным участку па вуліцы Школьнай. Пасля 17 гадзін быў знойдзены грамадзянін 1948 года нараджэння... Чалавек моцна абгарэў. Літаральна праз суткі ў вёсцы Пагарэлае на пажары загінула жанчына 1929 года нараджэння. Пенсіянерка вырашыла спаліць смецце. Верагодна, пад моцным парывам ветру полымя распаўсюдзілася па ўсім прысядзібным участку... І практычна адначасова загарэліся смецце і сухая трава ў садаводчым таварыстве "Нёман-94". Пацярпеў пенсіянер 1941 года нараджэння, дачнік-мінчанін. У цяжкім стане яго даставілі ў бальніцу...
Р.S. Паводле інфармацыі Міністэрства па надзвычайных сітуацыях, толькі за адны суткі ў краіне зафіксавана 111 выпадкаў загарання сухой расліннасці на агульнай плошчы больш за 60 гектараў...
Сяргей РАСОЛЬКА.