У "Арсенал" патрапіў і... "Максім"
Падчас правядзення асноўнага этапу аперацыі "Арсенал" на тэрыторыі Ленінскага раёна сталіцы грамадзяне добраахвотна здалі 6 адзінак незарэгістраванай зброі, 5 адзінак зарэгістраванай, 54 боепрыпасы. Цікава, што ў ліку незарэгістраванай зброі быў і... станкавы кулямёт "Максім".
— Ён быў знойдзены на тэрыторыі раёна пры правядзенні будаўнічых работ, — распавёў журналісту "Звязды" падрабязнасці здарэння прэс-афіцэр Ленінскага РУУС г. Мінска Уладзімір Кухарчык. — Кулямёт прынеслі і здалі прадстаўнікі арганізацыі, якая і праводзіла гэтыя работы. Афішаваць сваю назву яны не пажадалі. Што датычыцца зброі, для стральбы яна была непрыдатнай з-за старасці і ўмоў захавання. Тым не менш, гэта ўсё адно зброя.
За час правядзення аперацыі "Арсенал" на тэрыторыі раёна было ўстаноўлена 6 зброевых уладальнікаў, у якіх былі выяўленыя супрацьпаказанні да валодання зброяй. Зарэгістраваныя ў іх "ствалы" канфіскаваны.
Сяргей РАСОЛЬКА.