Моцны вецер зрываў шыфер і адключаў электрычнасць
Маладзечанскі, Валожынскі і Вілейскі раёны нашага рэгіёна пацярпелі ад моцнага ветру, які разгуляўся вечарам 19 і ноччу 20 сакавіка.
У гэтых раёнах вецер зрываў шыфер з сельскагаспадарчых пабудоў і адключаў электраэнергію.
МАЛАДЗЕЧНА. У Маладзечанскім раёне вецер пагаспадарыў у Красненскім і Алёхнавіцкім сельсаветах, расказала ў інтэрв’ю “РГ” інспектар групы прапаганды і навучання гаррайаддзела па надзвычайных сітуацыях Марына Ермакова.
Паводле яе слоў, аварыйнае адключэнне электраэнергіі было ў вёсках Красоўшчына, Ласі і Баяры Красненскага сельсавета і ў самім мястэчку.
Святло знікла ў 20 гадзін 08 хвілін. Менш чым праз гадзіну энергазабеспячэнне наладзілі. Алёхнавічы і Уша-2 засталіся без святла ў Алёхнавіцкім сельсавеце таксама ў 20.08. Аднавілі электраэнергію ў 22 гадзіны 06 хвілін. На аварыйных работах у абодвух выпадках працавалі дзве брыгады Маладзечанскіх электрасетак.
У Гарадзілаўскім сельсавеце сельскагаспадарчыя пабудовы засталіся без дахаў. 40 лістоў шыферу сарвала з малочнатаварнай фермы “Крыніца”. У Гарадзілаве вецер пашкодзіў сенасховішча, а ў вёсцы Замосце – цялятнік. У Шыпулічах часткова засталіся без дахаў дзве малочнатаварныя фермы.
Па 30 лістоў шыферу пазрывала са збожжасклада і малочнатаварнай фермы ў Палачанах.
50 лістоў шыферу раніцай не было на малочнатаварнай ферме ў Лебедзеве. А ў Маладзечне на вуліцы Велікасельскай пашкоджаны будынак перасоўнай механізаванай калоны №32.
ВАЛОЖЫН. Адно дрэва звалілася на хлеў на прыватным падворку ў вёсцы Вайганы і адно – на жылы дом у вёсцы Калдыкі Валожынскага раёна, расказаў у інтэрв’ю “РГ” начальнік райаддзела па надзвычайных сітуацыях Алег Скадорва.
У Вайганах дзеці састарэлых гаспадароў самі справіліся з праблемай, а ў Калдыкі знімаць дрэва з даху дома 80-гадовага адзінокага пенсіянера ездзілі выратавальнікі.
Акрамя гэтага па ўсім раёне з дахаў будынкаў сельгаспрадпрыемстваў вецер сарваў 1,5 тысячы лістоў шыферу. Па словах Алега Скадорвы, раніцай 20 сакавіка ў райвыканкаме тэрмінова сабралася камісія па надзвычайных сітуацыях. Члены камісіі выязджаюць на месцы здарэнняў для таго, каб сфатаграфаваць наступствы стыхіі і падлічыць нанесеную шкоду.
Ліст пакрыцця даху ўпаў на лінію электраперадач у Валожыне. Манцёры аднавілі электраэнергію за дзве гадзіны.
ВІЛЕЙКА. Сарвала дах у цялятніку ў вёсцы Бараўцы Вілейскага раёна.
Па словах намесніка начальніка райаддзела па надзвычайных сітуацыях Аляксандра Раманоўскага, цялятнік належыць сельскагаспадарчаму прадпрыемству “Нарачанскія зоры”. Яго работнікам давядзецца пакласці на месца 120 лістоў шыферу.
У Мядзельскім, Астравецкім, Ашмянскім і Смаргонскім раёнах рэгіёна вецер вялікай бяды не нарабіў.
Сяргей ЗЯНЬКО.