Банкіра долар спакусіў
Начальнік Цэнтра банкаўскіх паслуг аднаго з камерцыйных банкаў Бабруйска затрыманы пры абмене 5800 долараў ЗША на беларускія рублі.
"Ёсць падставы лічыць, што гэтай дзейнасцю цяпер ужо былы кіраўнік банкаўскага філіяла займаўся сістэматычна, — паведамляецца ў інфармацыі ўпраўлення Дэпартамента фінансавых расследаванняў КДК Магілёўскай вобласці. — Аб'явы пра абмен валюты размяшчаліся ім на інтэрнэт-сайце. Сустрэчы і абмен валюты адбываліся ў спецыяльна абумоўленым месцы і па загадзя вызначаным курсе". Правапарушальнік прыцягнуты да адказнасці ў выглядзе штрафу ў памеры 1,75 млн рублёў з канфіскацыяй грашовых сродкаў у суме 50,2 млн рублёў. Таксама ва ўнівермагу "Цэнтральны" горада Магілёва супрацоўнікі УДФР затрымалі пры спробе абмену 120 тысяч расійскіх рублёў на 3845 долараў ЗША 48-гадовую магіляўчанку. Жанчына нідзе не працуе, але раней неаднаразова прыцягвалася да адказнасці за незаконныя валютныя аперацыі.
Толькі за два сёлетнія месяцы ўпраўленнем выключаны з ценявога абароту 4550 долараў ЗША, 45 тысяч расійскіх рублёў, 47 млн беларускіх рублёў. 9 асоб прыцягнуты да адміністрацыйнай адказнасці, распачаты 2 крымінальныя справы па фактах незаконнай прадпрымальніцкай дзейнасці, звязанай з абменам валюты. УДФР яшчэ раз папярэджвае, што пад адказнасць за незаконныя валютныя аперацыі падпадаюць не толькі самі валютчыкі, але і грамадзяне, якія скарысталіся іх паслугамі. Штраф — да 100 базавых велічынь з канфіскацыяй абменных грошай.
Ілона Іванова