Скраў 60 мільёнаў У свайго працадаўцы
Пра такое большасць з нас бачыла толькі ў кінафільмах: работнік абакраў на буйную суму свайго ж кіраўніка.
Паводле інфармацыі прэс-афіцэра Савецкага РУУС г. Мінска Вольгі Яскевіч, гісторыя разгортвалася наступным чынам. Аднойчы 51-гадовы жыхар сталіцы зайшоў у кабінет кіраўніка. Нагода была быццам бы банальная: перахапіць, як той казаў, да зарплаты. Насамрэч, як высветлілася ўжо потым, работніка цікавіла зусім іншае, а менавіта — месца ў офісе, дзе бос захоўваў грошы. Запомніўшы яго, у бліжэйшую ж ноч той скарыстаўся атрыманымі ведамі: скраў 59,6 мільёна рублёў. Калі работніка затрымалі супрацоўнікі аддзела крымінальнага вышуку Савецкага РУУС, у падазронага тых мільёнаў... не было. Як высветлілася, каля 30 мільёнаў рублёў мужчына прасадзіў на стаўках у букмекерскай канторы, яшчэ 10 "лімонаў" аддаў сужыцельцы для пагашэння банкаўскага крэдыту, астатняе патраціў пераважна на забавы ды спіртное. Зараз у дачыненні да затрыманага заведзена крымінальная справа, якая прадугледжвае да 12 гадоў пазбаўлення волі.
Сяргей РАСОЛЬКА.