Людзі усё часцей паміраюць у пажарах
Першай ахвярай пажару ў Астравецкім раёне стаў сёлета 45-гадовы мужчына. Здарэнне адбылося ў ноч на аўторак, 31 студзеня.
Полымя, якое выбівалася з-пад даху нежылога дома па вуліцы Першамайскай, заўважыў выпадковы прахожы, які і паведаў аб здарэнні ў службу 101.
Выратавальнікі знайшлі на месцы здарэння труп 45-гадовага мужчыны, часова беспрацоўнага. Падчас праверкі высветлілі, што гаспадар дома памёр некалькі гадоў таму, а сын гаспадара цяпер у турме. Мужчына, які згарэў, напэўна, хаваўся ў нежылым доме ад марозу.
Папярэдняя прычына пажару − непатушаная цыгарэта.
Сёлета ў Гродзенскай вобласці за студзень ахвярамі агню сталі 20 чалавек. Летась за гэты перыяд згарэла 17 чалавек. З-за таго, што колькасць ахвяр павялічваецца, з 30 студзеня на тэрыторыі Гродзеншчыны арганізаваны месячнік пажарнай бяспекі.
У гэты час выратавальнікі будуць праводзіць супрацьпажарныя абследаванні жылога сектару і нагадваць людзям правілы пажарнай бяспекі.
Пажар − гэта заўсёды агульнае няшчасце. Некантралюемы агонь пераходзіць з кватэры ў кватэру, з паверха на паверх, з дома ў дом. Людзям неабходна агледзецца і падумаць, ці ёсць вакол парушэнні, якія могуць прывесці да трагедыі.
Падчас пажару дома па вуліцы Першамайскай згарэў мужчына.
Эдуард МАЛЫШКА, інспектар групы прапаганды і навучання Астравецкага РАНС.
Фота забяспечана Эдуардам МАЛЫШКАЙ.