П'яны кіроўца ў Століне ўчыніў некалькі аварый, пакуль яго пасажыры спалі
П'яны кіроўца ў Століне ўчыніў некалькі аварый, пры гэтым яго пасажыры нават не прачнуліся, паведаміла БЕЛТА начальнік аддзялення па агітацыі і прапагандзе ДАІ УУС Брэсцкага аблвыканкама Наталля Сахарчук.
Адразу некалькі аварый адбылося 18 студзеня каля 17.00 гадзін на вуліцы Савецкай раённага цэнтра. Жыхар вёскі Альшаны Столінскага раёна 1983 года нараджэння, кіруючы аўтамабілем "Рэно", пры абгоне грузавога ГАЗ 32-213 не выбраў правільную дыстанцыю, зачапіў грузавік, у выніку чаго машына змяніла кірунак руху і вылецела на тратуар. На тратуары "Рэно" наехаў на жанчыну — мясцовую жыхарку, якая паспрабавала ўцячы ад машыны, якая ляцела на яе, але ёй гэта не ўдалося. З чэрапна-мазгавой траўмай і адкрытым пераломам косці сцягна яна была шпіталявана.
Збіўшы жанчыну, аўтамабіль працягваў рух, знёс два пралёты агароджы прыватнага дома, заехаў у двор і толькі пасля гэтага спыніўся.
Кіроўца паспрабаваў кінуць аўтамабіль і ўцячы. Аднак супрацоўнікі ДАІ прыбылі на месца здарэння ў лічаныя хвіліны і затрымалі віноўніка аварыі. Гэтую машыну ўжо шукалі ў горадзе па плане "Перахват" — на вуліцы Пінскай інспектар ДАІ спыняў гэтую машыну, але кіроўца праігнараваў патрабаванне і паспрабаваў скрыцца. Якое ж было здзіўленне супрацоўнікаў Дзяржаўтаінспекцыі, калі ў "Рэно" яны ўбачылі трох пасажыраў, якія моцна спалі. Калі іх пабудзілі, яны доўга не маглі зразумець, што адбываецца. Па гэтым факце праводзіцца разбор. Вядома, што на момант учынення аварыі кіроўца быў п'яны. У яго крыві выяўлена 1,81 праміле алкаголю. Мужчына кіраваў аўтамабілем без вадзіцельскіх правоў — ён быў пазбаўлены іх у маі 2011 года, прычым таксама за кіраванне аўтатранспартным сродкам у стане алкагольнага ап'янення.
БЕЛТА.