Мінскія "вынаходнікі" абкралі банкаматы на Br46 млн
Пра гэта паведамілі ва ўпраўленні Следчага камітэта Беларусі па горадзе Мінску.
Праваахоўнікі затрымалі двух непрацуючых мінчан 1984 і 1987 года нараджэння, якія, выкарыстоўваючы фальшывыя банкаўскія карткі, выкралі з банкаматаў Мінска і Барысава Br46,1 млн. Для гэтага адзін з ашуканцаў сканструяваў адмысловую прыладу — скімер, які ўсталёўвалі на картапрыёмнік банкамата. Скімер счытваў і капіраваў звесткі з магнітных картак, пасля чаго зламыснікі запісвалі іх на пустыя балванкі, так званы "белы пластык". Такім чынам хлопец вырашыў выкарыстаць свае веды, атрыманыя ў адной з тэхнічных ВНУ сталіцы. Для таго, каб даведацца пін-код, маладыя людзі наклейвалі на банкамат накладную панэль з убудаванай мініяцюрнай камерай, якая вяла запіс клавіятуры банкамата.
Хлопцаў затрымалі непасрэдна пасля іх "аперацыі". У іх адабралі выкрадзеныя грошы, а таксама 136 ужо гатовых да выкарыстання падробленых банкаўскіх картак. Пры вобыску ў аднаго з затрыманых быў выяўлены скімер, панэль з відэакамерай і загатоўкі "белы пластык".
Зламыснікам пагражае да 15 гадоў пазбаўлення волі з канфіскацыяй маёмасці.
Каб не стаць ахвярай падобных злачынстваў, праваахоўнікі раяць грамадзянам прымяняць простыя меры засцярогі пры карыстанні банкаматамі. Пры правядзенні аперацый варта звяртаць увагу на тых, хто знаходзіцца каля банкамата і назірае за вашымі дзеяннямі, асабліва пры ўводзе пін-кода. Акрамя таго, неабходна ўважліва агледзець банкамат на прадмет выяўлення іншародных канструкцый і падазроных панэляў, галоўным чынам на адсеку картапрыёмніка. Пры выяўленні дадатковых прылад лепш адмовіцца ад правядзення аперацыі ў гэтым банкамаце і, не прыцягваючы ўвагі, звярнуцца да супрацоўнікаў органаў правапарадку або прадстаўнікоў банкаўскай установы.