Ім дым Айчыны...
...Полацкія памежнікі сумесна з супрацоўнікамі міліцыі ў пункце пропуску "Бігосава-1" ноччу пры афармленні на выезд грузавога цягніка Полацк—Даўгаўпілс у паўвагоне з вугалем знайшлі 50 каробак цыгарэт, унутры якіх было 25 тысяч пачкаў. Каб дастаць іх, людзям у форме спатрэбілася больш за дзве гадзіны. Гаспадар нелегальнага грузу агульным коштам 66 мільёнаў рублёў пажадаў застацца невядомым.
...Супрацоўнікамі міліцыі Брэста складзены адміністратыўны пратакол на машыніста польскай чыгункі, 59-гадовага грамадзяніна РП, у лакаматыве якога было схавана 1090 пачкаў цыгарэт беларускай вытворчасці. Кантрабанда пацягнула на 5 400 000 рублёў. Зразумела: чалавек хацеў зарабіць на цыгарэтах. А ўсё таму, што курава ў нас значна таннейшае, чым за Бугам.
Аляксандр ПУКШАНСКІ, Яна СВЕТАВА.