Следчыя атрымалі поўную незалежнасць
Следчы камітэт сфарміраваны і працуе ў Беларусі ад 1 студзеня. У яго склад увайшлі супрацоўнікі пракуратуры, міліцыі і дэпартамента фінансавых расследаванняў Камітэта дзяржкантролю. Адпаведна гэтыя праваахоўныя структуры больш не займаюцца расследаваннем злачынстваў.
Цяпер займацца следствам могуць толькі следчыя следчага камітэта, ды асобныя злачынствы маюць права расследаваць супрацоўнікі Камітэта дзяржаўнай бяспекі.
Пра асаблівасці змяненняў у рабоце праваахоўных органаў расказаў у інтэрв'ю «РГ» начальнік Валожынскага раённага аддзела следчага камітэта Рэспублікі Беларусь Віталь Юрэвіч:
– Следчы камітэт – праваахоўны орган і орган папярэдняга расследавання, які падпарадкоўваецца Прэзідэнту. Камітэт займаецца дасудовай крымінальнай вытворчасцю. Гэта самастойная ваенізаваная структура, якая працуе ў кругласутачным рэжыме. У яе склад уваходзяць цэнтральны апарат, упраўленні па абласцях і горадзе Мінску, а таксама раённыя і гарадскія аддзелы.
Па словах Віталя Юрэвіча, у супрацоўнікаў камітэта ёсць уласная службовая форма адзення, яны маюць права насіць зброю. Дзейнасць следчага камітэта грунтуецца на захаванні законнасці, абароне правоў і законных інтарэсаў грамадзян.
Супрацоўнікі для новай структуры вылучаныя з пракуратуры, міліцыі і фінансавай міліцыі. У штат уваходзяць: начальнік, намеснік начальніка, старшыя следчыя, следчыя, вадзіцель і работнік групы рэжыму сакрэтнай дзейнасці, які займаецца справаводствам.
У нашым рэгіёне пасаду начальніка Валожынскага раённага аддзела следчага камітэта заняў Віталь Юрэвіч, які перад гэтым працаваў намеснікам пракурора Валожынскага раёна. У астатніх раёнах рэгіёна кіраваць аддзеламі пачалі былыя намеснікі начальнікаў райаддзелаў міліцыі.
У Маладзечне – Пётр Варачкоў, у Смаргоні – Андрэй Рэзін, у Вілейцы – Мікалай Раманчук, у Мядзеле – Аляксандр Зімніцкі, у Ашмянах – Віктар Дамуць, у Астраўцы – Марэк Сінкевіч.
Віталь Юрэвіч адзначае, што са стварэннем следчага камітэта як асобнай самастойнай структуры, следчыя атрымалі ў сваёй рабоце поўную незалежнасць.
– Раней на дзейнасць следчага так ці інакш маглі ўплываць службовыя асобы органаў унутраных спраў, – кажа суразмоўца «РГ» – Яны, напрыклад, мелі магчымасць прыспешваць работу следчага альбо неяк па-іншаму ўздзейнічаць на следства. Цяпер следчы кіруецца выключна заканадаўствам – Крымінальна-працэсуальным кодэксам, а таксама, па неабходнасці, некаторымі іншымі прававымі актамі. Ён не трымае справаздачу па раскрыцці злачынстваў ці па росце альбо зніжэнні злачыннасці. Гэтыя паказчыкі не прымяняюць пры ацэнцы эфектыўнасці работы следчага.
Пасля таго, як пракуратура страціла свае функцыі расследавання злачынстваў, іх не страціў пракурор. Ён мае права ўзбудзіць крымінальную справу і расследаваць яе ў поўным аб'ёме, карыстаючыся паўнамоцтвамі следчага. Таксама пракурор можа адмовіць ва ўзбуджэнні крымінальнай справы.
Віталь Юрэвіч расказвае, што ў пракуратуры засталася функцыя нагляду за следствам. Змяненні тут толькі ў тым, што цяпер справу для праверкі пракурор можа запатрабаваць у следчага толькі па пісьмовым запыце. Раней такі запыт быў непатрэбны. Закончаныя справы следчыя, як і раней, перадаюць пракурору для адпраўкі іх у суд.
Адзін з абавязкаў следчага – кругласутачнае дзяжурства. На здарэнні, у якім чалавек памёр не ад хваробы, а гвалтоўнай смерцю, у любы час сутак раней выязджаў работнік пракуратуры. Ён дзяжурыў на працягу тыдня, увесь час быў на сувязі з міліцыяй, але падчас дзяжурства мог знаходзіцца не на рабоце.
Цяпер гэтыя функцыі выконвае следчы следчага камітэта. У адрозненне ад пракурорскага работніка, ён круглыя суткі стацыянарна знаходзіцца на працоўным месцы.
Пасля стварэння следчага камітэта ўсе справы, расследаванне па якім не завяршылі міліцыя, пракуратура ці фінансавая міліцыя, прыняў да вытворчасці камітэт. Зрэшты, расследаванне па гэтых справах вядуць тыя самыя следчыя, якія цяпер працуюць у асобнай праваахоўнай структуры.
Сяргей ЗЯНЬКО.