Дарога абарвалася апоўначы

Источник материала:  
04.01.2012 — ЧП

Кіраўнік адміністрацыі Чыгуначнага раёна Гомеля Сяргей Краўцоў загінуў пад коламі аўтамабіля.  

 

Як паведамілі ў прэс-службе ДАІ УУС Гомельскага аблвыканкама, трагедыя адбылася апоўначы з 30 на 31 снежня. 50-гадовы мужчына пераходзіў вуліцу Мазурава па пазначаным дарожнымі знакамі і разметкай нерэгуляваным пешаходным пераходзе. Аўтамабіль, які ішоў па правай паласе, саступіў дарогу пешаходу, але ж гэтага не зрабіў 21-гадовы кіроўца "Опеля", які знаходзіўся на левай паласе дарогі. Ён здзейсніў наезд на чалавека. Кіраўнік раёна памёр на месцы здарэння ад атрыманых траўмаў.

Ірына АСТАШКЕВІЧ.

 

"Заяц" штурхнуў кантралёра... Паездка без білета ў грамадскім транспарце закончылася для 19-гадовага жыхара абласнога цэнтра завядзеннем крымінальнай справы, паведамляе аддзяленне інфармацыі і грамадскіх сувязяў УУС Гродзенскага аблвыканкама.

Падчас праверкі праязных дакументаў высветлілася, што малады чалавек ехаў без білета. Яго, зразумела, папрасілі выйсці з аўтобуса для разбору. І тут... "Заяц" не толькі не захацеў плаціць штраф, але і ўступіў у спрэчку з кантралёрам, прычым не проста на словах. Ён штурхнуў жанчыну, якая ўпала так няўдала, што апынулася ў бальніцы з пераломам нагі. Юнака тут жа затрымалі калегі пацярпелай, пасля чаго міліцыяй была заведзена крымінальная справа па артыкуле 155 Крымінальнага кодэкса Беларусі "Прычыненне цяжкага альбо менш цяжкага цялеснага пашкоджання па неасцярожнасці". Сярод прадугледжаных мераў пакарання, дарэчы, — абмежаванне волі на тэрмін да двух гадоў.

Барыс ПРАКОПЧЫК.

 

Каханне без мяжы і віз Малады грамадзянін Германіі незаконна перасек мяжу Беларусі, каб сустрэцца з дзяўчынай. Яго затрымаў памежны нарад побач з аўтадарожным пунктам пропуску "Брэст".

Пры сабе 21-гадовы падарожнік меў толькі пашпарт і мабільны тэлефон. Яму патлумачылі, што нямецкі пашпарт дае права свабодна вандраваць па краінах ЕС, а ў нас патрэбна беларуская віза. Таму хлопца накіравалі ў ізалятар часовага ўтрымання Брэсцкай памежнай групы. Вельмі хутка сюды прыехала і дзяўчына з Мінскай вобласці, на спатканне з якой спяшаўся закаханы. Вядома, яны хацелі б, каб сустрэча прайшла не ў такім "экзатычным" месцы. Але такія рэаліі жыцця.

Яна СВЕТАВА.

Навагоднія зладзеі Апошнім часам пачасціліся выпадкі крадзяжу свойскай птушкі ў вёсках. З падаражаннем мяса многія асацыяльныя элементы пацягнуліся па дармовую кураціну ў суседнія хлявы. А напярэдадні навагодняга свята ад зладзеяў пацярпела і брэсцкая пенсіянерка, якая жыве па вуліцы Чырвонагвардзейскай у прыватным доме. З яе куратніка зламыснік выцягнуў 9 курачак.

Але кралі ў святочныя дні не толькі тое, што можна з'есці. 36-гадовы брастаўчанін, раней судзімы, вырашыў, відаць, адзначыць Новы год у новым адзенні. І скраў двое штаноў з павільёна гандлёвага цэнтра "Масква". А ў Пінскім раёне сусед у суседа ўкраў стажок сена. Толькі наўрад ці хацеў выкрадальнік сухой травы паправіць харчовую базу сваёй рагулі. Хутчэй, меў на мэце прапіць кармы. З гэтым зараз разбіраецца следства.

Прынамсі, навагоднія зладзеі паказалі не толькі голы прагматызм, але і некаторыя эстэтычныя замашкі. Так, з рэстарана "Бяроза" ў аднайменным райцэнтры сцягнулі дэкаратыўнага Дзеда Мароза коштам больш за 600 000 рублёў. А з фае інтэрната па вуліцы Чкалава ў Маларыце 18-гадовы дзяцюк вывалак цэлую штучную ёлку з усімі ўпрыгажэннямі. Ёлка ацэнена ў 1 225 000 рублёў.

 

"Ураджай" незаконнай піратэхнікі Яго штодзень збіраюць супрацоўнікі міліцыі Гомельшчыны, паведамляюць у прэс-службе УУС Гомельскага аблвыканкама.

Так, 900 адзінак разнастайных выбуховых сродкаў знойдзена каля мікрарынку "Стары аэрадром" у Гомелі. У павільёне, які знаходзіцца побач з тэхнічным універсітэтам і належыць прыватнаму прадпрыемству, устаноўлены факт рэалізацыі піратэхнічных вырабаў без наяўнасці сертыфікатаў. З абароту канфіскавана 2800 штук розных феерверкаў. У гандлёвым павільёне цэнтральнага рынку Рэчыцы таксама быў выяўлены факт незаконнага захоўвання 600 піратэхнічных вырабаў кітайскай вытворчасці. Больш за 5 тысяч небяспечных прылад канфіскавана ў жыхаркі Гомеля ў краме "Мотавела", а таксама ў павільёне прыватнага прадпрыемства "Валхала" — амаль што 24 тысячы адзінак.

Ірына АСТАШКЕВІЧ.

Яна СВЕТАВА.

 

 

 

←Мобильные телефоны, электрокабель и фотоаппарат стали предметами охоты воров в Слониме перед праздником

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика