Дзяржаўтаінспекцыя хоча змяніць тэндэнцыю
За апошнія сем гадоў ніводнае 1 студзеня не абыходзілася без аварый з цяжкімі наступствамі. Дзяржаўтаінспекцыя Гродзенскай вобласці хоча змяніць гэтую тэндэнцыю.
Адлік аўтааварый 2009 года распачалі наезды, здзейсненыя ў нашым рэгіёне: ранішні – на веласіпедыста ў Ашмянскім раёне і вячэрні на пенсіянерку, што стаяла на вясковай вуліцы на Смаргоншчыне.
Зыходзячы з сумнага вопыту мінулых гадоў, супрацоўнікі ДАІ рэгіёну не першы дзень працуюць ва ўзмоцненым рэжыме. Каб пераламаць негатыўную тэндэнцыю, у максімальнай ступені засцерагчы суграмадзян, даць магчымасць ім шчасліва адзначыць свята.
Паводле інфармацыі прэс-службы ДАІ Гродзенскай вобласці, экіпажы можна сустрэць паўсюдна: як на магістральных аўтадарогах, так і ў аддаленых ад гарадоў вёсках. Прыярытэт у іх дзейнасці аддаецца адхіленню ад кіравання нецвярозых вадзіцеляў. Нецвярозых пешаходаў таксама выдаляюць з праезнай часткі.
Няўстойлівы характар надвор'я захаваецца ў бліжэйшы час. Снег будзе чаргавацца з дажджом, маразы з адлігай. Вадзіцелі не могуць прадбачыць, па якім пакрыцці давядзецца ехаць ўжо праз дзесятак метраў. У сувязі з гэтым неабходна правільна выбіраць хуткасць раяць супрацоўнікі Дзяржаўтаінспекцыі.
Святлана ЦІШКО.