Рэйкавыя аўтобусы... на чыгунцы
На ўчастках беларускай магістралі з нізкім узроўнем пасажырапатоку пачнуць курсіраваць аднавагонныя дызель-цягнікі — рэйкавыя аўтобусы. Іх вытворчасць — сумесны праект кіруючай кампаніі холдынга "Белкамунмаш", польскай холдынгавай кампаніі пры ўдзеле Мінс-кага вагонарамонтнага завода. Ініцыявала праект Беларуская чыгунка, паведамілі ў яе прэс-службе.
Аднавагонныя дызель-цягнікі прызначаны для перавозкі пасажыраў у прыгарадных зносінах на неэлектрафікаваных чыгуначных пуцях. Даўжыня цягніка складае 27,5 метра, у ім седзячы могуць ехаць 91 чалавек, а агульная ўмяшчальнасць — 171 пасажыр. Эксплуатацыйная хуткасць руху — 120 кіламетраў у гадзіну. Айчынныя рэйкавыя аўтобусы будуць валодаць не толькі высокімі тэхнічнымі характарыстыкамі, заўважылі ў прэс-службе Беларускай чыгункі, але і адпавядаць сучасным патрабаванням камфорту і якасці. Так, да паслуг пасажыраў будзе зручны салон з мяккімі крэсламі, кандыцыянерамі і туалетным комплексам вакуумнага тыпу. Зараз завяршаецца выраб двух аднавагонных дызель-цягнікоў. У бліжэйшы час яны паступяць на чыгунку для правядзення выпрабаванняў. Мяркуецца, што ўвесну наступнага года на ўчастках з нізкім узроўнем пасажырапатоку распачнецца іх эксплуатацыя — ужо з пасажырамі.
Сяргей РАСОЛЬКА.
З прыярытэтам на экспартНапярэдадні новага года "прапіску" ў свабоднай эканамічнай зоне "Гроднаінвест" атрымалі тры экспарта- арыентаваныя прадпрыемствы.
ТАА "БелПластЭкспарт" будзе спецыялізавацца на прадукцыі з палімерных матэрыялаў, якія прымяняюцца ў будаўніцтве, вырабе святлопразрыстых канструкцый, вытворчасці мэблі, касметыкі і бытавой хіміі. Фірма "БелПра Калор" арганізуе вытворчасць акрылавай фарбы, грунтоўкі, шпаклёўкі, дэкаратыўнай тынкоўкі і іншых будматэрыялаў. А ТАА "Круіз—СВ" прапануе аматарам актыўнага адпачынку катары з пластыку.
Барыс ПРАКОПЧЫК.