З чорнымі і каляровымі металамі трэба працаваць па-беламу
За выкананнем закону ў сферы абароту металаў сочаць ва ўпраўленні Дэпартамента фінансавых расследаванняў КДК Магілёўскай вобласці.
Супрацоўнікі УДФР спынілі незаконную дзейнасць, звязаную з набыццём у насельніцтва акумулятарных батарэй. У прыватнай краме ў Магілёве пры набыцці новага акумулятара, у якасці частковай аплаты, прынялі адпрацаваны. Пры гэтым у гандлёвага прадпрыемства не было ліцэнзіі на закуп лому і адходаў чорных і каляровых металаў ад насельніцтва.
— За парушэнне прадпрыемства прыцягнутае да адміністрацыйнай адказнасці за незаконную прадпрымальніцкую дзейнасць, — паведаміў начальнік арганізацыйна-інспектарскага аддзела УДФР КДК Магілёўскай вобласці Аляксандр Шаройкін. — Гэта штраф у 350 тысяч рублёў, а таксама канфіскацыя незаконна нарыхтаванай 1 тоны лому каляровых металаў на суму ў 12 мільёнаў рублёў. За парушэнне заканадаўства ў сферы абароту металаў упраўленне прыцягнула да адміністрацыйнай адказнасці 38 асоб і суб'ектаў гаспадарання. Канфіскаваны нелегальныя 96 тон лому чорных металаў і 45 тон каляровых, на агульную суму 212 мільёнаў рублёў. Заведзены 2 крымінальныя справы ў дачыненні да тых, хто займаўся незаконным прадпрымальніцтвам, звязаным з нарыхтоўкай і наступнай рэалізацыяй лому металаў.
Ілона Іванова.
Аматар "куртак на халяву"У Полацку намеснік дырэктара гандлёвага прадпрыемства паведаміла ў міліцыю аб тым, што а чацвёртай гадзіне дня наведнік у гандлёвай зале аддзела мужчынскага адзення дома гандлю спрабаваў скрасці чатыры мужчынскія курткі. Агульны кошт гэтай вопраткі больш за 2,5 мільёна рублёў. Злодзей быў затрыманы міліцыянерамі Дэпартамента аховы. Аматарам "куртак на халяву" аказаўся непрацуючы мясцовы жыхар 1990 года нараджэння. Заведзена крымінальная справа.
Аляксандр ПУКШАНСКІ.