Канфіскаваны цыгарэты на 84,5 мільёна рублёў
Супрацоўнікі падатковай інспекцыі па горадзе Наваполацку канфіскавалі ў вадзіцеля 30 тысяч пачкаў цыгарэт агульным коштам 84,5 мільёна рублёў. Вадзіцель растлумачыў, што перавозіў цыгарэты па просьбе невядомых яму людзей, якія прапанавалі зарабіць на дастаўцы цыгарэт.
Тытунёвыя вырабы канфіскаваныя. У дачыненні да перавозчыка склалі пратакол аб адміністрацыйным правапарушэнні. Кодэксам аб адміністрацыйных правапарушэннях Рэспублікі Беларусь за такое парушэнне прадугледжана адміністрацыйная адказнасць у выглядзе штрафу да пяцідзесяці базавых велічынь з канфіскацыяй тавару.
Аляксандр ПУКШАНСКІ.
Скокнула з акна кватэры, што гарэлаУ пакоі двухпакаёвай кватэры на трэцім паверсе дзевяціпавярховага жылога дома па сталічнай вуліцы Пляханава ў пяць гадзін раніцы загарэлася маёмасць.
Яшчэ да прыезду падраздзяленняў МНС гаспадыня жылля, непрацуючая 38-гадовая жанчына, скокнула з акна. З апёкамі першай-чацвёртай ступеняў (30 працэнтаў паверхні цела), тэрмаінгаляцыйнай траўмай, апёкавым шокам, атручэннем прадуктамі гарэння яна была шпіталізавана. Як мяркуецца, пажар здарыўся з-за неасцярожнасці з агнём пры курэнні ў нецвярозым стане самой пацярпелай. Аўтаномнага пажарнага апавяшчальніка ў кватэры не было. У выніку здарэння пашкоджана маёмасць, закураны кватэра і пад'езд, паведаміў "Звяздзе" прэс-сакратар Мінскага гарадскога ўпраўлення МНС Віталь Дэмбоўскі.
Напэўна, некаму можа падацца, што пры скачку з такой вышыні ў чалавека павінны быць і іншыя траўмы, напрыклад, пераломы. Аднак вышэй прыведзены толькі першасны дыягназ, іншымі словамі, медыкі павінны будуць сказаць сваё канчатковае слова пасля больш дэталёвага абследавання пацярпелай. Але пра пэўнае шанцаванне жанчыны можна гаварыць ужо зараз.
Сяргей РАСОЛЬКА.