Папіў гарбаты... З ртуццю
Раніцай у цэнтр аператыўнага ўпраўлення Рагачоўскага аддзела МНС патэлефанаваў рэаніматолаг цэнтральнай раённай бальніцы: з папярэднім дыягназам "атручэнне ртуццю" ў рэанімацыйнае аддзяленне шпіталізаваны вучань 8 класа Паболаўскай сярэдняй агульнаадукацыйнай школы.
— Падчас апытання 13-гадовага пацярпелага было ўстаноўлена, што напярэдадні вечарам ён вымяраў тэмпературу свайго цела і выпадкова ўпусціў ртутны тэрмометр у чайнік з кіпнем. Тэрмометр разбіўся. Хлопчык выліў змесціва чайніка ў каналізацыю і нічога пра здарэнне не сказаў маці, — паведаміла старшы інспектар Цэнтра даследаванняў у галіне бяспекі жыццядзейнасці Міністэрства па надзвычайных сітуацыях Таццяна Сакалоўская. — Раніцай паснедаў, папіўшы гарбаты з таго ж самага чайніка. А потым маці ўбачыла на яго дне кропелькі ртуці. Пасля гэтага Аляксей і распавёў пра здарэнне з тэрмометрам, і маці звярнулася ў бальніцу. Стан хлопчыка здавальняльны. Больш ніхто з сямейнікаў з чайніка гарбаты не піў. Падчас правядзення замераў на прысутнасць у паветры небяспечных рэчываў (ртуці), іх пароў знойдзена не было. З чайніка работнікі МНС забралі каля аднаго грама ртуці.
Сяргей РАСОЛЬКА.