Ці каштуе таго тая рыба?

Источник материала:  
30.11.2011 — ЧП

Супрацоўнікі Бярэзінскага РАУС і Бярэзінскай міжрайінспекцыі на аўтадарозе райцэнтра спынілі аўтамабіль "Аўдзі-80", у якім ехалі тры мужчыны. Праверылі багажнік, а там — сапраўдны "арсенал".

Што ўбачылі міліцыянеры і дзяржінспектары? Электралавільнае ўстройства, акумулятар, гумавую лодку з вёсламі, пару рыбацкіх ботаў. У "дадатак" мех — са свежай рыбай. А ў салоне яшчэ і прыбор начнога бачання. Як было ўстаноўлена, мужчыны здабывалі рыбу гэтай забароненай прыладай лоўлі — электралавільным устройствам — на тэрыторыі раёна. А за гэта прадугледжана пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі тэрмінам да шасці гадоў.

Сяргей РАСОЛЬКА.

 

Сямейнае захапленне?

Злодзея, які ўкраў каня з пашы ля вёскі Літвінавічы Кармянскага раёна ў канцы верасня, дагэтуль шукалі праваахоўнікі. Некалькі дзён таму ў міліцыю звярнуўся грамадзянін, які паведаміў, што бачыў жывёлу, падобную на апісаную, у жыхара вёскі Гадзілавічы Рагачоўскага раёна. Аператыўна-следчай групай сумесна з гаспадаром жывёлы было ўстаноўлена, што гэта менавіта той конь, які знік 3 месяцы таму.

Начальнік Кармянскага РАУС Віталь Янкоў адзначыў, што падчас аператыўна-следчых мерапрыемстваў быў знойдзены выкрадальнік — жыхар вёскі Чорная Вірня Жлобінскага раёна. Высветлілася, што ўкрадзеную жывёлу ў адной з вёсак суседняга раёна грамадзянін абмяняў на іншую, а тую прадаў у Расію. Дарэчы, мужчына быў раней асуджаны за аналагічнае злачынства: некалькі гадоў таму ён украў на Кармяншчыне ажно 5 коней. А ўпершыню яго злавілі за падобным заняткам яшчэ ў 1998 годзе — у Чавусах на Магілёўшчыне. Прынамсі, напярэдадні ў Жлобінскім раёне за крадзеж каня і двух жарабят быў затрыманы і сын падследнага.

Ірына АСТАШКЕВІЧ.

 

Вінаваты моцна п'яны. Але жывы

Кажуць, п'янаму — і мора па калена. Напэўна, нешта падобнае здарылася і ў Смалявічах.

Тут з палаючай кватэры выратавалі 42-гадовага мужчыну, які быў моцна п'яны. Мяркуецца, што ён і стаў — з-за неасцярожнасці пры курэнні — віноўнікам здарэння. Аднак сам нейкім цудам апёкаў не атрымаў.

Пра пажар у жылым доме стала вядома дзякуючы суседу. Дах чатырохкватэрнага жылля гарэў адкрытым полымем, калі апоўначы пажарныя прыехалі на вуліцу Зарэчную. Суседзі папярэдзілі, што ўнутры могуць быць людзі. Пацярпелага перадалі медыкам, але тыя ўстанавілі, што мужчына не мае патрэбы ў шпіталізацыі. З суседняй кватэры работнікі МНС эвакуявалі двух чалавек. У выніку пажару выгарала знутры кухня і прыбудаваная веранда, закураны былі сцены двухпакаёвай кватэры. Аўтаномнага пажарнага апавяшчальніка ў доме не было.

Сяргей РАСОЛЬКА.

 

←В Мозыре дерево от шквалистого ветра упало на автомобиль

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика